Новы прэфект “місійнай” дыкастэрыі распачаў працу ў Рыме
Падчас урачыстай св. Імшы ў катэдры сталіцы Філіпін вернікі падзякавалі кардыналу за служэнне. Напрыканцы ўсе прысутныя ў жэсце працягнутых рук маліліся за іерарха і паспяховае выкананне новай для яго місіі.
Ад імя архідыяцэзіі за працу ў Маніле іерарху падзякаваў дапаможны біскуп Бродэрык Пабіла. “Нават калі Вы стомленым вярталіся з падарожжа ў іншы канец свету, у Вас заўсёды знаходзіліся сілы сустрэцца з намі, пагаварыць некаторы час, наведаць нашыя сем’і, калі хтосьці памёр ці захварэў. Вы заўсёды мелі час для нас”, - сказаў ён.
“Філіпіны прапануюць Паўсюднаму Касцёлу самы прыгожы дар, які мелі, і робяць гэта з адкрытым сэрцам”, - сказаў арцыбіскуп Габрыэле Качыа, Апостальскі нунцый у азіяцкай краіне.
Кардынал Тагле ўдзельнічаў у Сінодах Біскупаў падчас пантыфікату Францішка і быў адным з галоўных дакладчыкаў на ватыканскай сустрэчы адносна злоўжыванняў з боку духавенства. Ён змяніў на пасадзе прэфекта кардынала Фернанда Філоні і стаў другім азіяцкім кіраўніком гэтай Дыкастэрыі пасля кардынала Івана Дыяса з Індыі, які кіраваў ёй з 2006 па 2011 гг.
62-гадовы кардынал Луіс Антоніа Гокім Тагле з’яўляецца адной з самых цікавых і пазнавальных асоб Касцёла не толькі на радзіме, але і ва ўсёй Азіі, і ў свеце.
Святаром ён стаў лютым 1982 г. За плячыма ў яго вучоба ў Каталіцкім Універсітэце Амерыкі ў Вашынгтоне, дзе абараніў дактарат па тэалогіі. У 1997-2003 г. быў членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі. 22 кастрычніка 2001 г. Ян Павел ІІ прызначыў 44-гадовага святара біскупам Імускай дыяцэзіі. 13 кастрычніка 2011 г. Бэнэдыкт XVI даверыў яму кіраванне Манільскай архідыяцэзіяй, а праз год, 24 лістапада 2012 г., уключыў 55-гадовага іерарха ў Калегію кардыналаў. 12-13 сакавіка 2013 г. Тагле ўдзельнічаў у канклаве, які абраў Францішка, і сам лічыўся адным з сур’ёзных кандыдатаў на новага Наступніка св. Пятра. З 14 мая 2015 г. кардынал з’яўляецца старшынёй Caritas Internationalis.
Новы прэфект “місійнай” дыкастэрыі надае вялікае значэнне сродкам масавай інфармацыі, асабліва новым. З 2008 г. кожны тыдзень на філіпінскім нацыянальным тэлебачанні ён вёў праграму, падчас якой разважаў над літургічнымі тэкстамі да нядзельнай Эўхарыстыі.