Віцэ-прэзідэнт ЗША на аўдыенцыі ў Святога Айца
Францішак 24 студзеня 2020 г. прыняў Віцэ-прэзідэнта ЗША Майка Пэнса. Сустрэча доўжылася каля гадзіны. Пра змест размовы Зала Друку Святога Пасаду не паведаміла.
Пэнса суправаджалі: жонка Карэн і нявестка Сара, пасол ЗША пры Святым Пасадзе Каліста Гінгрыч і яе муж, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Ньют Гінгрыч.
Па словах журналістаў, прысутных у Апостальскім палацы, Віцэ-прэзідэнт ЗША перадаў Пантыфіку прывітанне ад Дональда Трампа і падарыў яму крыж, зроблены з галін дрэва, якое расце ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі.
Францішак раней сустракаўся з Прэзідэнтам Трампам 24 мая 2017 г і Дзяржсакратаром Майкам Пампэа 3 кастрычніка 2019 г.
Папярэднім Віцэ-прэзідэнтам, які наведаў Ватыкан, быў Джо Байдэн – у 2011 г. ён сустракаўся з Бэнэдыктам XVI.
24 студзеня 2020, 15:16