Жанчына ўпершыню на кіраўнічай пасадзе ў Дзяржсакратарыяце
Францішак прызначыў Франчэску Дзі Джавані намеснікам сакратара Аддзела па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята, даручыўшы ёй кіраваць сектарам шматбаковых адносін.
Дзі Джавані нарадзілася ў 1953 г. у Палерма, атрымала юрыдычную адукацыю і праходзіла практыку ў міжнародным цэнтры Факаляраў. З верасня 1993 г. яна была афіцыялам Аддзела па сувязях з дзяржавамі, займаючыся, у прыватнасці, пытаннямі, звязанымі з міжнароднымі дамовамі па міграцыі, міжнародным гуманітарным правам, камунікацыямі, прыватным міжнароднам правам, становішчам жанчын, інтэлектуальнай уласнасцю і турызмам.
З новым прызначэннем у Аддзеле па сувязях з дзяржавамі будуць працаваць два намеснікі сакратара (падсакратары): Франчэска Дзі Джавані і мансеньёр Міраслаў Вахоўскі, які займаецца сектарам двухбаковай дыпламатыі.
У інтэрв’ю Vatican News Дзі Джавані распавяла, чым займаецца сектар шматбаковых адносін пры Аддзеле па сувязяў з дзяржавамі: гаворка ідзе пра міжурадавыя арганізацыі і шматбаковыя пагадненні. Гэтаму аспекту дыпламатыі, патлумачыла яна, Францішак надае вялікую ўвагу, хоць сёння яго эфектыўнасць нярэдка ставіцца пад пытанне.
Італьянка лічыць, што прызначэнне яе на такую высокую пасаду – гэта знак увагі Папы да ролі жанчын у Касцёле і ў грамадстве, аднак, у першую чаргу, гэта рашэнне, безумоўна, звязана з самой функцыяй, а не з тым фактам, што яна жанчына. У той жа час яна перакананая, што жанчыны валодаюць асаблівым дарам “шукаць агульныя падыходы і ствараць адносіны, клапоцячыся аб адзінстве”.
“Трэба нястомна імкнуцца да дыялогу на ўсіх узроўнях, заўсёды шукаць дыпламатычныя рашэнні. Напрыклад, у нядаўняй прамове да дыпламатычнага корпусу Папа нагадаў, сярод іншага, пра шматлікія пазітыўныя дасягненні ААН, якая адзначае сёлета 75-годдзе з дня заснавання. Мы хочам і далей бачыць у ААН неабходную прыладу дасягнення агульнага дабра, хоць гэта не вызваляе нас ад задачы патрабаваць змен і рэформаў там, дзе ёсць такая неабходнасць”, - звярнула ўвагу Дзі Франчэска, кажучы пра сваю працу.