Patto-Educazione-integrale.jpg

Святы Пасад: адукацыя – гэта не перадача абстрактных ведаў

“Па словах Францішка, адукацыя азначае інвестыцыю ў будучыню чалавецтва, і тут патрэбна адкрытасць у спалучэнні з мужнасцю і шчодрасцю”, - заўважыў сакратар Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі.

Арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані спаслаўся на словы Папы, сказаныя ўдзельнікам семінара “Адукацыя: глабальнае пагадненне”, які адбыўся нядаўна ў Ватыкане.

Італьянскі іерарх нагадаў, што слова “глабальная” адносіцца да ўсіх аспектаў адукацыі. Менавіта таму дагэтуль Святым Пасадам было праведзена шмат сустрэч на такія тэмы, як права, дэмакратыя, экалогія, адукацыя і сацыяльная інклюзія, і неўзабаве адбудзецца нарада па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва. Асноўная праблема сёння заключаецца ў тым, як сфера адукацыя ўдзельнічае ў перадачы культурных і этычных каштоўнасцей наступным пакаленням.

“Пантыфік асабліва падкрэслівае неабходнасць злучэння галавы, сэрца і рук. Навучанне грунтуецца не толькі на перадачы абстрактных ведаў, але і на ведах, здольных закрануць адчувальнасць, пачуцці, прыхільнасць чалавека, каб потым весці яго да канкрэтных рашэнняў”

, - падкрэсліў арцыбіскуп Дзані.

“Вось чаму Францішак часта нагадвае, што сэрца павінна адчуваць тое, што чалавек думае і робіць, і што дзеянне павінна быць следствам гэтага. І тут штосьці не так, нешта сапсулася, сёння дыялог паміж сям’ёй, школай і грамадствам, якія перажываюць трансфармацыю, быў парушаны. Няма адзінага пункту гледжання, які аб’ядноўваў бы канцэпцыю выхавання, канцэпцыю асобы і міжасобасных адносін і дапамагаў бы падрыхтаваць моладзь быць стваральнікамі агульнага дабра”, - адзначыў сакратар Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі.

Семінар “Адукацыя: глабальнае пагадненне” з удзелам спецыялістаў з вядучых універсітэтаў свету праходзіў 6-7 лютага 2020 г. у Ватыкане. Ён быў прысвечаны аналізу спосабаў надання адукацыі больш гуманнага і справядлівага характару, яе прывядзення ў адпаведнасць з патрабаваннямі ўстойлівай эканомікі і грамадства.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 лютага 2020, 11:21