Францішак зацвердзіў аператыўную групу па абароне непаўналетніх
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасаду, згодна з рашэннем Францішка, аператыўную групу ўзначаліць арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут па агульных пытаннях Дзяржсакратарыята, разам з кардыналамі: Освальдам Грасіясам, арцыбіскупам Бамбея; Блэйзам Джозэфам Сьюпічам, арцыбіскупам Чыкага; Чарльзам Шыклунам, арцыбіскупам Мальты і дапаможным сакратаром Кангрэгацыі веравучэння; кс. Гансам Цольнэрам, старшынёй Інстытута псіхалогіі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта і членам Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.
Аператыўная рабочая група будзе дапамагаць біскупскім канферэнцыям, манаскім кангрэгацыям у распрацоўцы і рэалізацыі інструкцый у справе абароны непаўналетніх, у адпаведнасці з указаннямі Кангрэгацыі веравучэння, прадпісаннямі дзеючага Кананічнага права адносна сексуальных злоўжыванняў і Апостальскім пасланнем у форме motu proprio Vos estis lux mundi.
Пры гэтым непасрэдная распрацоўка інструкцый застанецца ў кампетэнцыі і адказнасці адпаведных біскупскіх канферэнцый і манаскіх інстытутаў.
Тэрмін дзеяння рабочай групы разлічаны на два гады, пачынаючы з 24 лютага 2020 г. Яна складаецца з Каардынатара, спадара Андрэ Адзапардзі, адказнага члена Камісіі па абароне непаўналетніх і ўразлівых дарослых Мальтыйскай касцёльнай правінцыі, і шэрагу экспертаў у галіне кананічнага права з розных краін.
Раз у квартал Каардынатар будзе прадстаўляць справаздачу аб дзейнасці Групы Субстытуту па агульных пытаннях Дзяржсакратарыята.
Дзейнасць аператыўнай групы будзе фінансавацца за кошт спецыяльна створанага фонду.
Нарэшце, абнародаванае паведамленне заахвочвае біскупскія канферэнцыі, манаскія інстытуты, у выпадку неабходнасці, звяртацца з просьбамі аб дапамозе ў вырашэнні тых ці іншых спраў, звязаных з абаронай непаўналетніх, на адрас электроннай пошты аператыўнай групы: taskforce@org.va.
Упершыню аб сваім намеры заснаваць структуру, якая б дапамагала ў распрацоўцы практычных інструкцый па пытаннях абароны непаўналетніх, Пантыфік заявіў год таму – падчас форуму “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, які праходзіў у Ватыкане з 21 па 24 лютага 2019 г.