1581583345265.JPG

Ватыкан: Мітрапаліт Іларыён пра прыярытэты супрацоўніцтва

Гуманітарныя праекты і абарона хрысціян на Блізкім Усходзе – гэта прыярытэты праваслаўна-каталіцкага супрацоўніцтва. Так лічыць Мітрапаліт Іларыён, які наведаў Ватыкан і сустрэўся з Папам.

Адзін з сумесных праектаў, гэта дапамога па лячэнні і рэабілітацыі сірыйскіх дзяцей, якія ў выніку ваеннага канфлікту атрымалі калецтва. “Я б хацеў, каб у нашай сумеснай працы было больш ініцыятыў дапамогі людзям, дзецям. Менавіта яны будуць рэалізацыяй таго, аб чым дамовіліся Папа і Патрыярх, і таго, што нам – і праваслаўным, і католікам, – запаведваў сам Пан Езус Хрыстус”, - адзначыў кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязей у інтэрв’ю Vatican News.

Іерарх прызнаўся, што Руская Праваслаўная Царква раздзяляе заклапочанасць Францішка сітуацыяй на Блізкім Усходзе, менавіта гэта тэма стала матывам сустрэчы Пантыфіка і Патрыярха Маскоўскага чатыры гады таму. “На Блізкім Усходзе адбываецца генацыд хрысціян. І ў першую чаргу Папа і Патрыярх, спачатку асобна, а затым сумесна, білі ў набат і казалі ўсяму свету аб тым, што адбываецца з хрысціянамі ў рэгіёне. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб захаваць хрысціянскую прысутнасць на Блізкім Усходзе”, - сказаў праваслаўны іерарх.

Мітрапаліт Іларыён закрануў і тэму экуменізму. Ён лічыць, што на дадзеным этапе трэба сканцэнтравацца на гуманітарным узаемадзеянні. “Мы не маем зараз магчымасці вырашыць усе назапашаныя праблемы тэалагічнага і эклезіялагічнага характару, але нічога не перашкаджае нам працаваць сумесна і адчуваць сябе не сапернікамі, а саюзнікамі. Для гэтага не патрэбныя ніякія кампрамісы ў сферы веравучэння, тэалагічныя пагадненні і уніі. Тут патрэбна выключна добрая воля. Мы павінны разумець, што будучыня хрысціянства знаходзіцца ў нашых руках. Мы павінны навучыцца працаваць разам”, - сказаў прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату.

Ён патлумачыў, што гэта тычыцца не толькі Блізкага Усходу, але таксама Еўропы і Амерыкі, дзе хрысціянскія каштоўнасці ставяцца пад сумненне, падвяргаюцца крытыцы і часта выганяюцца з публічнай прасторы. “Мы павінны навучыцца абараняць такія нашы каштоўнасці як сужэнства, што разумеецца як саюз паміж мужчынам і жанчынай, створаны з мэтай нараджэння і выхавання дзяцей. Мы павінны разам абараняць каштоўнасць чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Мы можам і павінны разам супрацьстаяць той прапагандзе разбэшчанага і амаральнага спосабу жыцця, які сёння мае месца ў секулярным грамадстве і СМІ”, - сказаў Мітрапаліт Іларыён.

Праваслаўны іерарх прызнаўся, што ўвесь гэты спектр тэматыкі мае намер абмеркаваць падчас сваёй сустрэчы з папам Францішкам.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лютага 2020, 12:58