2020.03.20-Predica-di-quaresima-1.jpg

Папскі прапаведнік: мы маем Маці, якая ўмее суперажываць

Унікальная святасць Марыі тлумачыцца не Яе прывілеяваным станам, але верай: шляху веры Марыі, Божай Маці, прысвяціў другое велікапоснае казанне Прапаведнік Папскага дома.

У сувязі з немагчымасцю правесці традыцыйную сустрэчу ў капліцы Redemptoris Mater па прычыне каранціну Папа і супрацоўнікі Рымскай курыі атрымалі 20 сакавіка 2020 г. відэазапіс разважанняў а. Раньера Канталамесы.

Італьянскі капуцын заўважыў, што распаўсюджанае да Другога Ватыканскага Сабору меркаванне, нібы па прычыне адсутнасці першароднага граху Марыя была пазбаўлена любых чалавечых абмежаванняў і пакут, сёння не мае моцы. Яшчэ да ўкрыжавання Езуса Марыя зведала шмат момантаў неспакою, цяжкасцей і болю. Гэта, на думку законніка, – працэс ачышчэння, які часта здараецца з душамі, што вырашаюць ступіць на шлях святасці.

“[Кеназіс Марыі заключаўся ў тым, што, замест таго каб карыстацца сваімі правамі як Маці Месіі, Яна дапусціла тое, каб быць іх пазбаўленай, з’явіўшыся перад усімі такой жа жанчынай, як і іншыя]”

, - адзначыў Прапаведнік.

Калі Езус з самага пачатку публічнай дзейнасці не меў, дзе прыхіліць галаву, то Марыя не ведала, дзе суцішыць сэрца. Яна павінна была забыць пра Звеставанне і атрыманыя абяцанні, каб цалкам звярнуцца да Бога, жывучы выключна надзеяй. Айцец Канталамеса назваў такое стаўленне “абсалютнай паслухмянасцю”.

Ён заўважыў, што “Марыя маўчала. Яе адказам на ўсё была маўклівасць”, але не тая, якую выклікаюць безнадзейнасць ці сум: яе маўклівасць была добрай.

“На гэтым шляху адмаўлення ад самой сябе Марыя штодня адкрывала новую радасць у параўнанні з мацярынскай радасцю Бэтлеема ці Назарэта, калі Яна прытуляла Езуса да грудзей, а Езус абдымаў Яе за шыю. Радасць выканання не сваёй волі. Радасць веры”, - заўважыў італьянскі капуцын.

Айцец Канталамеса заклікаў да ўсведамлення таго, што ў нас ёсць Маці, якая ўмее “суперажываць нашым хваробам”, бо сама прайшла праз усе выпрабаванні, акрамя граху. Свае разважанні Прапаведнік завяршыў малітвай “Тваёй абароне аддаёмся...”.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 сакавіка 2020, 14:29