Міжнародная тэалагічная камісія пра сувязь сакрамэнтаў і веры
Дакумент “Узаемная залежнасць паміж верай і сакрамэнтамі ў сакрамэнтальнай эканоміі” быў абнародаваны на завяршэнне нядаўняга пасяджэння камісіі ў Ватыкане. Гаворка ў ім ідзе таксама пра супрацьдзеянне “магічнаму” разуменню сакрамэнтаў у адрыве ад веры.
Адной з найважнейшых тэм, якія тут разглядаюцца, стала вызначэнне сакрамэнтальнай каштоўнасці сужэнства “ахрышчаных няверуючых”, чаму прысвечана амаль чвэрць усяго тэксту. Тэолагі акрэслілі сутнасць і сакраментальны профіль хрысціянскага сужэнства, асноўваючыся на Святым Пісанні і Традыцыі, нагадалі, што яно з’яўляецца сакрамэнтам веры.
Аўтары даследавання перасцераглі ад двух душпастырскіх памылак. Па-першае, трэба пазбягаць своеасаблівага сакрамэнтальнага аўтаматызму: паколькі шлюб двух ахрышчаных людзей сам па сабе з’яўляецца сакрамэнтальным, ён апрыёры падразумявае іх асабістую веру. Другая пагроза – успрыманне Касцёла як своеасаблівай мытні з яе спецыфічнымі патрабаваннямі ў адпаведнасці са ступенню вызнаванай веры.
Камісія заснавала свае тэалагічныя вывады на афіцыйных дакументах Касцёла, вучэнні апошніх Пантыфікаў, не забываючыся пра Кананічнае права. Усё гэта прывяло да дакладнага тэзіса, які аўтары фармулююць, развіваюць і абараняюць, а менавіта: поўная адсутнасць асабістай веры робіць сапраўднасць сакраментальнага сужэнства сумніўнай. Ласка па сутнасці мае на ўвазе чалавечую прыроду, а сужэнства як сакрамэнт прадугледжвае наяўнасць “натуральнага” сужэнства, якое ўзвышаецца да звышнатуральнага сэнсу і прычыннасці ласкі. Такім чынам, калі існуе недахоп натуральнай рэальнасці, сакрамэнт не можа “дзейнічаць”.
Тэолагі спаслаліся на глыбокія сучасныя культурныя змены. Ісціну аб натуральным сужэнстве нельга аддзяліць ад дакладнай фундаментальнай антрапалогіі, якая ўспрымае чалавека як істоту супольнасную, падкрэслівае сакраментальнасць чалавечага цела і г.д. Менавіта антрапалогія тлумачыць і абгрунтоўвае рысы, якія вызначаюць натуральнае сужэнства: непарыўнасць, вернасць, адкрытасць да жыцця... Чалавеку часта патрэбна вера, каб пацвердзіць і абараніць гэтую праўду.
Сёння, у сітуацыі грамадскага заняпаду хрысціянскай веры і па прычыне іншых фактараў, высвятляецца, што гэтая праўда не з’яўляецца агульнапрынятым арыенцірам. Культурным, прававым і палітычным інстытутам навязваюцца антрапалогіі, цалкам несумяшчальныя з такім падыходам да чалавека. Адсюль эфекты: баналізацыя разводаў, распаўсюджванне антынараджальнага мыслення, утойванне гендэрнай разнастайнасці, але, што яшчэ больш радыкальна, разуменне сэнсу жыцця як індывідуалістычнай самарэалізацыі. Усё гэта спрыяе паслабленню ў душы чалавека антрапалагічнага бачання, на якім грунтуецца натуральнае сужэнства.
Такім чынам, паколькі ў жыцці ўсё менш і менш прысутнічае вера, усё больш і больш малаверагодна, што жаніх і нявеста, цэлебруючы сужэнства, будуць рабіць тое, чаго жадае Касцёл. І менавіта таму ўзнікае абгрунтаванае сумненне ў сапраўднасці прынятага ў такіх умовах сакрамэнту. Вядома, не варта недаацэньваць дзівоснай сілы чалавечай прыроды, здольнай супрацьстаяць шматлікім культурным перакосам. Сіла кахання, павабная прыгажосць сямейнага жыцця і г.д. часта прыводзяць няверуючых да бачання і жадання ісціны натуральнага сужэнства.
Напрыканцы сваіх разважанняў члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі падкрэслілі, што менавіта ў кампетэнцыі душпастыраў знаходзіцца разуменне таго, у якой ступені ахрышчаныя няверуючыя хочуць заключыць сужэнства ў Касцёле, але прынцыпы, якія змяшчаюцца ў дакуменце, даюць ім каштоўныя рэкамендацыі, заснаваныя на чалавечай і хрысціянскай праўдзе пра гэты сакрамэнт.