1583484148055.JPG

На рэкалекцыях для Рымскай курыі разважалі аб місіі заступніцтва

Той, хто мае адказнасць у Касцёле, пакліканы “абараняць, падтрымліваць і ўмацоўваць малых”, - падкрэсліў кс. Пьетра Баваці падчас рэкалекцый для высокіх іерархаў Рымскай курыі.

Сваю медытацыю езуіт прысвяціў тэме заступніцтва. Ён нагадаў, што гаворка ідзе пра “пра поўнае любові ўмяшанне”, якое здзяйсняецца на карысць людзей, якія маюць патрэбу ў прабачэнні і прымірэнні з Богам.

Гаворка ідзе пра “пераважна духоўнае служэнне”, бо тычыцца самага сэрца чалавека і прадугледжвае “сапраўдную блізкасць з Богам”. Рэкалекцыяніст нагадаў, што святары пакліканы да “таямніцы прымірэння”, здзяйсняючы яе праз удзяленне сакрамэнту споведзі.

У гэтым кантэксце ён заўважыў, што служэнне міласэрнасці асаблівым чынам патрабуе малітвы. Грэх “пазнаецца па-сапраўднаму толькі ў малітве, у сустрэчы тварам у твар з Панам”. Толькі “гледзячы ў аблічча Бога” і “слухаючы Яго голас” разумецца цяжар граху, як учынку супраць Бога і людзей.

Хто моліцца, той усведамляе “небяспеку” граху, адчувае патрэбу практыкаваць міласэрнасць, як гэта рабіў Езус, адчувае сябе пакліканым да любові да грэшніка, на якога глядзіць вачыма Бога. Той, хто моліцца, менавіта таму, што глядзіць у аблічча Пана, можа “атаясаміць сябе” з грэшнікам, беручы на сябе грахі іншых, як рабіў Хрыстус.

Малітва заступніцтва выражае “паступовую паслухмянасць пасрэдніка ў прыняцці бясконцай дабрыні Бога”, і прымаючы яе ў сабе, ён становіцца “сведкам і прыладай гэтай міласэрнасці, - нагадаў ватыканскім іерархам прапаведнік.

Кс. Пьетра Баваці спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра згубленую авечку, каб падкрэсліць, што людзі, надзеленыя ўладай у Касцёле, пакліканы мець “бацькоўскае стаўленне” і ўвагу “да самых малых”, “бараніць, падтрымліваць і ўмацоўваць” іх.

Рэкалекцыяніст звярнуў увагу на асобу св. Пятра, які ў Касцёле з’яўляецца сведкам міласэрнасці. Ён адрокся Хрыста, аплакваў свой грэх і пераасэнсаваў свой учынак. Такім чынам яго досвед стаў “сімвалам Касцёла і кожнага хрысціяніна, які, атрымаўшы прабачэнне, сам становіцца носьбітам прабачэння”.

Рэкалекцыі для высокіх іерархаў Рымскай курыі, у якіх Папа, па прычыне прастуды, прымаў удзел па відэасувязі з Ватыкана, завяршыліся 6 сакавіка 2020 г.
 

06 сакавіка 2020, 14:25