1582708960401.jpg

Святы Пасад: пандэмія – час для салідарнасці і супрацоўніцтва

У сувязі з надзвычайнай сітуацыяй, выкліканай пандэміяй каронавіруса, Апостальская Сталіца, заклікала сусветную грамадскасць, дзяржавы і мясцовыя Касцёлы да ўмацавання салідарнасці і супрацоўніцтва.

Кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, скіраваў адмысловае пасланне, адрасаванае старшыням епіскапатаў, медыцынскім і душпастырскім работнікам, грамадзянскім уладам, хворым і іх сем’ям, валанцёрам і ўсім людзям добрай волі.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што ў гэтыя трывожныя дні найбольш заўважны слабасць чалавека і ўразлівасць тэхнічнай бяспекі. Пандэмія аказала ўплыў на ўсе значныя віды чалавечай дзейнасці: эканоміку, бізнес, працу, турызм, спорт і нават касцёльнае служэнне. Распаўсюджванне інфекцыі значна абмяжоўвае свабоду перамяшчэння.

Кардынал Тарксан заўважыў, што многія краіны, асабліва са слабымі сістэмамі аховы здароўя, не змогуць самастойна справіцца з праблемамі, выкліканымі пандэміяй. “Мы спадзяёмся, што гэты час вялікай нястачы зможа стаць трапным момантам для ўмацавання салідарнасці і збліжэння паміж дзяржавамі, сяброўства паміж народамі. Надышоў час для прасоўвання міжнароднай салідарнасці пры супольным выкарыстанні інструментаў і рэсурсаў”, - дадаў ён.

Ватыканскі прэфект падкрэсліў, што актуальныя праблемы з’яўляюцца нагодай для адкрыцця каштоўнасці братэрства і ўсведамлення ўзаемасувязі паміж усімі людзьмі.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 сакавіка 2020, 12:26