Cristo risorto mosaicoAEM.jpg

Святы Пасад пра Пасхальны Трыдуум ва ўмовах пандэміі

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў абнародавала агульныя ўказанні і рэкамендацыі адносна святкавання Пасхальнага Трыдуума ва ўмовах пандэміі каронавіруса.

У Дэкрэце за подпісам прэфекта ватыканскай дыкастэрыі, кардынала Рабэра Сара, падкрэсліваецца, што Вялікдзень, які сёлета будзе святкавацца 12 красавіка, з’яўляецца “сэрцам літургічнага года” і таму не можа быць перанесены на больш позні час. На іншы дзень можа быць перанесена, аднак, св. Імша Хрызма, якая звычайна цэлебруецца ў Вялікі чацвер.

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў заахвочвае там, дзе грамадзянскія і касцёльныя ўлады ўвялі абмежаванні ў сувязі з пандэміяй, прытрымлівацца наступных рэкамендацый: у катэдральных і парафіяльных касцёлах біскупы і пробашчы, якія будуць цэлебраваць літургічныя таямніцы Пасхальнага Трыдуума без фізічнай прысутнасці вернікаў, павінны паінфармаваць паству аб часе распачацця набажэнстваў, каб вернікі маглі далучыцца да іх у малітве ў сваіх дамах. У такіх выпадках вялікую дапамогу можа аказаць прамая трансляцыя з дапамогай сродкаў камунікацыі.

У Вялікі чацвер святары адной парафіі могуць канцэлебраваць св. Імшу Вячэры Пана. У выключным парадку ўсім святарам даецца права цэлебраваць гэту св. Імшу без ўдзелу людзей. Абрад абмывання ног, які не з’яўляецца абавязковым, належыць прапусціць. Павінна быць прапушчана працэсія на заканчэнне св. Імшы Вячэры Пана, а Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табернакулюме, - гаворыцца ў дэкрэце.

У Вялікую пятніцу біскуп ці пробашч будуць цэлебраваць літургію Мукі Пана, “паклапаціўшыся аб уключэнні ў Малітву вернікаў асаблівых просьбаў за хворых, памерлых і тых, хто знаходзіцца ў сітуацыі разгубленасці”.

Падчас Пасхальнай вігіліі належыць прапусціць распаленне вогнішча, а толькі запаліць пасхал, прапусціць працэсію, і перайсці да велікоднага абвяшчэння (Exsultet). Падчас Літургіі хросту, дазваляецца толькі абнаўленне абяцанняў хросту.

Дэкрэт прадугледжвае таксама, што выразы народнай пабожнасці і працэсіі, якія ўзбагачаюць Вялікі тыдзень і Пасхальны Трыдуум, могуць, згодна з рашэннем дыяцэзіяльнага біскупа, быць перанесены на іншыя дні, напрыклад на 14 і 15 верасня, калі Касцёл святкуе свята Узвышэння Святога Крыжа і ўспамін Маці Божай Балеснай.

Навіна ў фармаце аўдыё



21 сакавіка 2020, 15:04