Ватыкан: рэстаўрацыя купала базылікі св. Пятра
Рыштаванні над ватыканскай базылікай пачалі ўстанаўліваць яшчэ 2 верасня 2019 г. Гэта было першым этапам падрыхтоўкі да доўгай і карпатлівай працы, якая, паводле папярэдніх прагнозаў, будзе працягвацца чатыры гады.
У першую чаргу, будзе адрэстаўравана франтальная частка барабана, бачная з плошчы св. Пятра, каб пілігрымы і турысты маглі як мага хутчэй ацаніць яго прыгажосць у адноўленай цэласнасці і першапачатковай белі. Затым рэстаўратары зоймуцца ўнутранай часткай, звернутай унутр Ватыкана.
Праект з’яўляецца апошнім этапам рэстаўрацыі вонкавых элементаў базылікі. У 2000 г. быў вернуты першапачатковы выгляд яе фасаду, а з 2007 г. вяліся працы па абнаўленні бакавых частак і двух малых купалоў – Грыгарыянскага і Клементыйскага.
Рэстаўрацыя мае дзве мэты: эстэтычную і функцыянальную. Акрамя вяртання старадаўняй велічы архітэктурнай структуры базылікі, гаворка ідзе пра павышэнне ўстойлівасці і бяспечнасці канструкцый.
Папярэдняя дыягностыка будзе праводзіцца з выкарыстаннем сучаснага лазернага абсталявання. Яна прадугледжвае вывучэнне фрагментаў цэглы, тынкоўкі і сажы, праверку громаадводу, ачышчэнне, умацаванне, ахову траверцінавай паверхні ад знешняга ўздзеяння. Рэстаўратары не выбеляць барабан цалкам, каб захаваць яго каштоўную “гістарычную паціну”. Яна павінна стаць часткай “новага адзення”, у якім купал паўстане перад народам, калі разбяруць рыштаванні.