Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Папа ўхваліў перанос даты збору ахвяраванняў для Святой Зямлі

Традыцыйны збор ахвяраванняў, які праходзіць ва ўсіх касцёлах свету ў Вялікую пятніцу, сёлета перанесены на верасень, паведаміла Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў.

У спецыяльным камюніке, апублікаваным 2 красавіка 2020 г., адзначаецца, што актуальная сітуацыя з каронавірусам ахапіла многія краіны і шмат дзе дзейнічаюць прафілактычныя меры, якія перашкаджаюць звычайнай цэлебрацыі абрадаў Вялікага тыдня.

Па гэтай прычыне Францішак ухваліў прапанову аб пераносе сёлетняй дабрачыннай ініцыятывы на карысць Святой Зямлі на нядзелю 13 верасня 2020 г. Гэта адбудзецца напярэдадні свята Узвышэння Святога Крыжа, што стане знакам надзеі і збаўлення пасля пакут, якія зараз перажываюць многія народы, і выразам салідарнасці з тымі, хто працягвае жыць Евангеллем Езуса на зямлі, “дзе ўсё пачалося”.

Дзякуючы сабраным ахвяраванням, хрысціянскія супольнасці Святой Зямлі, якія часта жывуць у вельмі небяспечным кантэксце, могуць працягваць сваю евангельскую прысутнасць, утрымліваць школы і медыцынскія ўстановы, адкрытыя для ўсіх грамадзян, асабліва для самых неабароненых і бедных.
 

02 красавіка 2020, 13:01