Рэакцыя Пантыфікаў і Святога Пасаду на эпідэміі мінулых часоў
Ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano” нагадала, што падобныя меры ўводзіліся ў XVII ст. папам Аляксандрам VII. Падчас яго пантыфікату Апенінскі паўвостраў ахапіла эпідэмія чумы, ад якой загінула каля мільёна чалавек.
Каб спыніць распаўсюджванне заражэння, Папа адмяніў або абмежаваў аўдыенцыі і сустрэчы ў Рымскай курыі, наклаў забарону на правядзенне працэсій, масавых цырымоній у касцёлах і нават зачыніў на некалькі дзён большасць храмаў Вечнага горада.
У той час у Рыме праходзіў Паўсюдны Юбілей, абвешчаны Пантыфікам, каб прасіць аб Божай дапамозе ў яго служэнні. Паколькі трывала эпідэмія, ён забараніў усе, звязаныя з гэтым сустрэчы, масавы ўдзел у юбілейных цэлебрацыях і нават адмяніў устрыманне ад ежы, бо аслаблены арганізм больш схільны да заражэння.
Кангрэгацыя аховы здароўя, якая існавала ў Рымскай курыі з перапынкамі паміж 1630 і 1840 гг. наклала значныя абмежаванні на дзейнасць манаскіх супольнасцей. Была забаронена сумесная эўхарыстычная адарацыя. Рэлігійныя ўрачыстасці адбываліся за зачыненымі дзвярыма, а касцёльныя ўлады заахвочвалі да прыватнай формы пабожнасці і малітвы.
За сто гадоў перад гэтым эпідэмія чумы абрынулася на Мілан, у сувязі з чым мясцовымі ўладамі былі ўведзены строгія абмежаванні для пілігрымаў. Дазвалялася наведваць горад толькі малымі групамі і пры наяўнасці спецыяльнага дакумента, якім пацвярджалася, што чалавек не мае сімптомаў хваробы.
Тагачасны арцыбіскуп Мілана Карла Барамэа прызнаў гэтыя меры карыснымі. Ён заклікаў святароў сваёй дыяцэзіі клапаціцца аб хворых і сам даваў прыклад, прытрымліваючыся ўсіх мер бяспекі: будучы святы захоўваў належную дыстанцыю, часта пераапранаўся і мыў вопратку ў гарачай вадзе, дэзінфіцыраваў усе рэчы, да якіх дакранаўся і якія даваў бедным. Паколькі вернікі не маглі наведваць касцёлы, ён загадаў усталяваць крыжы і алтары на скрыжаваннях дарог і вуліц, каб яны мелі магчымасць удзельнічаць у набажэнствах на адлегласці, ці нават стоячы ля вокнаў сваіх кватэр.