Маладыя кансультанты дапамогуць ватыканскай дыкастэрыі
Прызначэнне групы 20 маладых людзей з усяго свету на трохгадовы тэрмін – гэта першая ініцыятыва такога кшталту ў Ватыкане. Яе першая задача – з пункту гледжання свайго пакалення і асяроддзя прапанаваць Касцёлу спосабы камунікацыі з сучаснай моладдзю на тэму веры і самых важных пытанняў і праблем. Падставай для разважанняў служыць перш за ўсё папская адгартацыя “Christus vivit”, у якой Францішак вызначае кірункі і праблемы моладзевага душпастырства.
Кансультанты атрымалі намінацыі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, 24 лістапада 2019 г. Аднак першая іх сустрэча, перанесеная з прычыны пандэміі каронавіруса, адбылася толькі 16 мая праз інтэрнэт. У цяперашні час маладыя людзі працуюць самастойна ў адпаведнасці з распрацаваным планам і падзелам на групы. У бліжэйшы час яны прадставяць свае высновы і прапановы Дыкастэрыі, каб сумесна запланаваць далейшую дзейнасць.
“Тры думкі прыходзяць мне ў галаву пасля нашай першай сустрэчы: подых Святога Духа не перастаў працаваць пасля Сінода на тэму моладзі два гады таму. У нас, маладых людзей, ёсць моцная матывацыя быць сведкамі Касцёла для нашых равеснікаў па ўсім свеце. Мы бачым рэалізацыю гэтай місіі як вялікую прыхільнасць і вялікую адказнасць, і мы ахвотна бяром яе на сябе”, - прызнаўся Эміль Абу-Чаар, малады ліванец, які ўваходзіць у склад групы.
У склад групы кансультантаў увайшлі маладыя людзі, якія прадстаўляюць кожны кантынент, а таксама некалькі міжнародных рухаў і супольнасцей, статуты якіх зацверджаны Святым Пасадам. Яны грамадзяне Гвінеі, Уганды, Паўднёвай Афрыкі, Канады, ЗША, Сальвадора, Пуэрта-Рыка, Чылі, Лівана, Інданезіі, Японіі, Аўстраліі, Славеніі, Нідэрландаў. Моладзь, якая прадстаўляе супольнасці і рухі, паходзіць з: Італіі – Міжнародная федэрацыя Каталіцкай Акцыі, Францыі – Супольнасць Тэзэ, Аўстрыі – Салезіянская моладзь, Бразіліі – Fazenda da Esperança, Партугаліі – Équipes Notre-Dame.
Стварэнне групы моладзевых кансультантаў у Дыкастэрыі з’яўляецца адказам на заклік, які змяшчаецца ў Выніковым дакуменце Сінода Біскупаў на тэму моладзі.