Флаг Ватыкана. Ілюстрацыйнае фота Флаг Ватыкана. Ілюстрацыйнае фота

Святы Пасад у АБСЕ пра грамадскія выклікі падчас COVID-19

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры АБСЕ прыняў удзел у канферэнцыі на тэму “Барацьба з формамі нецярпімасці і дыскрымінацыі,” якая праходзіла з 25 па 26 мая 2020 г. у Вене.

Мансеньёр Януш Урбанчык “з глыбокай занепакоенасцю” заўважыў, што ў еўрапейскіх краінах вялікая колькасць людзей і супольнасцей працягваюць сустракацца з пагрозамі, варожасцю, насіллем, нецярпімасцю, якія ўзмацніліся ў перыяд пандэміі COVID-19.

Злачынствы, выкліканыя нянавісцю, закранаюць як меншасці, так і тых, хто адносіцца да большасці насельніцтва, і таму заслугоўваюць “аднолькавай увагі”. Дыпламат звярнуў увагу на моцную сувязь паміж талерантнасцю і правамі чалавека: павага да абодвух прынцыпаў і дзейнасць на карысць іх захавання не можа раздзяляцца і ні адзін з гэтых прынцыпаў не можа станавіцца “алібі” для парушэння другога.

У кантэксце пандэміі каронавіруса, прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў звярнуць большую ўвагу на інтэрнэт, і ў прыватнасці на тое, што адбываецца ў сацыяльных сетках, дзе людзі праводзяць шмат часу. Лічбавая прастора можа стаць месцам дыскрэдытацыі і падбухторвання супраць розных культурных, нацыянальных і рэлігійных груп, месцам распаўсюджвання абраз і правакацыйнага выкарыстання рэлігійных сімвалаў. Усё гэта можа прывесці да насілля. Таму неабходна заахвочваць людзей з адказнасцю карыстацца свабодай слова, без нянавісці, прадузятасці і падману.

Мансеньёр Урбанчык заклікаў працаваць на карысць талерантнага грамадства, рэлігійнай, культурнай і нацыянальнай разнастайнасці, прызнаючы каштоўнасць “узаемадапаўняльнасці культур”. Пры гэтым трэба памятаць пра неад’емную годнасць кожнага чалавека, незалежна ад яго паходжання і веравызнання, а таксама гарантаваць удзел нацыянальных меншасцей у палітычным, эканамічным, грамадскім, культурным і рэлігійным жыцці.

“На жаль падчас цяперашняй пандэміі некаторыя меншасці сустрэліся з адмаўленнем ці абмежаваннем іх фундаментальных правоў, сярод якіх права на доступ да сістэмы аховы здароўя і інфармацыю”, - з жалем заўважыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ.
 

29 мая 2020, 14:01