cycling-fra-tdf2018-1532781857198.jpg

Кардынал Равазі пра дабрачынную акцыю з удзелам Папы

“Спорт – як мастацтва, з’яўляецца свабодным і творчым жэстам, што яднае вялікіх чэмпіёнаў і аматараў”, - заўважыў старшыня Папскай рады па культуры.

Кардынал Джанфранка Равазі ў інтэрв’ю Vatican News распавёў пра дабрачынную акцыю “Бяжым разам"  (We run together – Simul Currebant), ініцыяваную Ватыканскай лёгкаатлетычнай камандай Athletica Vaticana разам з Італьянскай Федэрацыяй лёгкай атлетыкі, спартыўнай камандай Фінансавай гвардыі Італіі і Папскай радай па культуры.

У рамках кампаніі з 8 чэрвеня па 8 жніўня 2020 г. на платформе Charitystars.com кожны тыдзень будуць праходзіць анлайн-аўкцыёны для збору сродкаў на патрэбы бальніцы імя Яна XXIII у Бергама і медыцынскай установы Fondazione Poliambulanza ў Брэшыі, якія прынялі на сябе галоўны ўдар падчас барацьбы з каронавірусам у Італіі.

Першы лот – веласіпед колераў ватыканскага і аргентынскага сцягоў, які быў падораны Пантыфіку шматразовым чэмпіёнам свету па веласпорце, славакам Пэтэрам Саганам. Папа вырашыў выставіць на аўкцыён таксама і іншыя рэчы.

Да ініцыятывы далучыліся многія славутыя спартсмены, якія ахвяравалі свае ўзнагароды, сімволіку, спартыўную форму. Удзельнікі дабрачыннай акцыі змогуць таксама набыць магчымасць трэніроўкі або вячэры ў кампаніі сусветных зорак спорту.

Гаворачы пра салідарнае вымярэнне спартыўнай дзейнасці, старшыня Папскай рады заўважыў, што заўсёды важна памятаць пра вытокі спорту. У наш час ён на жаль часта адлюстроўвае дэградацыю чалавека і грамадства: дастаткова ўзгадаць пра насілле на стадыёнах, расізм, допінгавыя скандалы, а таксама фінансавыя злоўжыванні і карупцыю, распаўсюджаныя асабліва ў сферы футбола, самага папулярнага віду спорту.

Але па сваёй прыродзе спорт бескарыслівы і ў пэўным сэнсе ён падобны на мастацтва. Спорт адносіцца да сферы гульняў – свабоднага і творчага дзеяння. Таму ён павінен быць выразам творчых здольнасцей чалавека, своеасаблівым культурным феноменам, - перакананы іерарх.

Кардынал Равазі заўважыў, што паводле некаторых вялікіх культурных антраполагаў, чалавек стаў Homo sapiens, калі ўпершыню сабраў кветкі і травы не для дабаўлення ў страву, але для таго, каб зрабіць вянок і падарыць яго ў якасці ўпрыгажэння жанчыне.

Гэта быў бессэнсоўны з эканамічнага пункту гледжання ўчынак, але так, з дапамогай сімвалу, гульні, мастацтва, чалавек “узнік” па-сапраўднаму. “Вось чаму справядліва было заўважана, што спорт павінен быць як музыка: як свайго роду паўсюдны “эсперанта”, паўсюдная мова. І менавіта па гэтай прычыне мы пажадалі, каб у ватыканскай камандзе і ў гэтай ініцыятыве былі задзейнічаны людзі без рыс, уласцівых спартыўным чэмпіёнам”, - прызнаўся старшыня Папскай рады па культуры, спасылаючыся на ўдзел аматараў.

Францішак прымаў на прыватнай аўдыенцыі прадстаўнікоў ініцыятывы “Бяжым разам – We run together – Simul Currebant” 20 мая 2020 г. Ёй павінна было папярэднічаць спартыўнае мерапрыемства, але з прычыны пандэміі каронавіруса яно было перанесена на больш позні тэрмін.
 

02 чэрвеня 2020, 14:19