BULGARIA-VATICAN-RELIGION-CHRISTIANITY-POPE BULGARIA-VATICAN-RELIGION-CHRISTIANITY-POPE 

Святы Пасад апублікаваў новы “Дапаможнік па катэхезе”

У Ватыкане быў абнародаваны новы 300-старонкавы “Дапаможнік па катэхезе”, складзены Папскай радай па новай евангелізацыі і ўхвалены Пантыфікам. Ён складаецца з 3 частак і 12 раздзелаў.

У самым пачатку аўтары нагадваюць, што кожны ахрышчаны чалавек – гэта вучань-місіянер, які закліканы да пошуку новай мовы прапаведавання веры. Гаворка ідзе пра тры асноўныя прынцыпы, паводле якіх можа дзейнічаць католік: сведчанне, міласэрнасць і дыялог. Катэхеза дапамагае хрысціяніну надаць поўны сэнс свайму існаванню, тлумачыць Дапаможнік.

У першай частцы пад назвай: “Катэхізацыя ў евангелізацыйнай місіі Касцёла”, увага засяроджана, у прыватнасці, на фармацыі катэхетаў. Настаўнікі, выхавальнікі, сведкі – катэхеты павінны суправаджаць іншых з пакорай і павагай да іх свабоды.

У другой частцы: “Працэс катэхізацыі”, выразна выяўляецца важнасць сям’і: актыўнага суб’екту евангелізацыі і натуральнага асяроддзя веры.

Ва ўмовах “нерэгулярных сітуацый” і “новых сямейных сцэнарыяў”, якія існуюць у сучасным грамадстве, Касцёл заклікае суправаджаць усіх людзей на шляху веры, слухаючы і разумеючы іх, вяртаючы давер і надзею. Інклюзіўнасць, прыняцце і распазнанне – гэта ключавыя словы, якія Дапаможнік прапануе для катэхезы непаўнаспраўных.

У трэцяй частцы, прысвечанай “Катэхізацыі ў партыкулярных Касцёлах”, падкрэсліваецца, перш за ўсё, роля парафій, якія называюцца “прыкладам апостальства супольнасці” і заклікаюцца да катэхізацыі творчай, адкрытай на досвед людзей. Рэлігійны фактар – гэта адно з вымярэнняў чалавечага жыцця, і яго нельга выпускаць з-пад увагі, гаворыцца ў Даведніку; такім чынам, “гэта права бацькоў і вучняў” атрымліваць інтэгральнае навучанне, якое таксама ўлічвае выкладанне рэлігіі, у тым ліку і непасрэдна ў школе.

Адмысловымі сферамі катэхізацыі называюцца экуменізм і міжрэлігійны дыялог з юдаізмам і ісламам. Што тычыцца першага, Даведнік падкрэслівае, што катэхеза павінна “выклікаць жаданне адзінства” хрысціян, быць “надзейным інструментам евангелізацыі”. У кантэксце ж рэлігійнага плюралізму катэхеза павінна “паглыбляць і ўмацоўваць тоеснасць верніка”, спрыяючы яго місійнай прыхільнасці праз сведчанне і сардэчны дыялог.

Асобны раздзел Даведніка прысвечаны разважанню аб ролі лічбавай культуры, якая сёння ўспрымаецца як нешта цалкам “натуральнае”, настолькі, што змяняе мову і іерархію каштоўнасцей у сусветным маштабе.

Дакумент надае ўвагу навуцы і тэхналогіям. Асобнае месца прысвячаецца біяэтыцы. Аўтары нагадваюць, што “не ўсё тэхнічна магчымае, маральна дапушчальнае” – трэба адрозніваць тэрапеўтычнае ўмяшанне і маніпуляцыі, а таксама звяртаюць увагу на недапушчальнасць еўгенікі і дыскрымінацыі, якую яна цягне за сабой.

Што тычыцца паняцця “гендар”, Даведнік нагадвае, што Касцёл суправаджае чалавека “заўсёды і ў любой сітуацыі”, не судзячы таго, хто жыве ў складаных і канфліктных сітуацыях.

Аднак “у перспектыве веры сексуальнасць – гэта не толькі фізічная якасць, але і каштоўнасць, ускладзеная на адказнасць чалавека”, “адказ на першапачатковы заклік Бога”.

Сярод іншых пытанняў, якія разглядаюцца ў дакуменце: “глыбокае экалагічнае навяртанне”, якое павінна прасоўвацца ў рамках катэхезы; увага да абароны Стварэння; натхненне на дабрадзейнага жыцця, свабоднага ад спажывальніцтва. Гучыць таксама моцнае заахвочванне католікаў да актыўнай грамадскай пазіцыі і дзейнасці на карысць агульнага дабра.

Новы “Дапаможнік па катэхезе” стаў “спадчыннікам” “Агульнага катэхетычнага дапаможніка” з 1971 г. і “Агульнага дапаможніка па катэхезе” з 1997 г.

25 чэрвеня 2020, 12:30