1591519646715.JPG

Ватыканская камісія па COVID-19 працуе 24 гадзіны ў суткі

Задача ватыканскай камісіі па COVID-19 – падрыхтаваць будучыню пасля пандэміі. Вучэнне Бэнэдыкта XVI аб надзеі вельмі дапамагае ў гэтым, - прызнаўся кардынал Пітэр Тарксан.

Папа-эмерыт засведчыў, што наша надзея, а значыць, і будучыня павінны абапірацца на Бога, - заўважыў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Ён прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай ролі Касцёла падчас пандэміі.

Паводле кардынала Тарксана, Касцёлу вельмі важна ўсвядоміць неабходнасць адмысловага душпастырства падчас пандэміі. Асабліва гэта тычыцца сем’яў, што страцілі блізкіх і адчуваюць крыўду, паколькі ім адмовілі ў развітанні імі, а іх памерлыя родныя засталіся без сакрамэнтаў і годнага пахавання. Усё гэта таксама з’яўляецца клопатам Ватыканскай камісіі.

“Мы працуем 24 гадзіны ў суткі, імкнучыся сабраць інфармацыю і досвед з усяго свету, ад усіх мясцовых Касцёлаў. Робім сінтэз і дзелімся з іншымі, з паўсюдным Касцёлам, што вельмі няпроста. Гэта толькі адзін з аспектаў нашай працы: абмен інфармацыяй”

, - патлумачыў іерарх, які ўзначальвае спецыяльна створаную групу экспертаў.

Другім важным аспектам прэфект лічыць “інтэлектуальную падрыхтоўку да будучыні”, чым займаюцца асобныя падгрупы па экалогіі і навакольным асяроддзі, ахове здароўя і працы.

“У гэтым напрамку вядзецца вельмі інтэнсіўная праца. Усе спрабуюць выпрацаваць высновы, якія магло б падзяліць усё чалавецтва, што пасадзейнічала б пабудове глабальнага братэрства”, - адзначыў кардынал Пітэр Тарксан.

У красавіку ў рамках Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека была створана спецыяльныя Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, якая дзейнічае ў супрацоўніцтве з усімі структурамі Рымскай курыі і мясцовымі Касцёламі. Яе дзейнасць падтрымалі сусветныя інтэлектуальныя цэнтры, сярод якіх: Джорджтаўнскі і Патсдамскі ўніверсітэты, Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане, міжнародная арганізацыя World Resources Institute.

11 чэрвеня 2020, 11:45