Ватыканскі банк даў справаздачу: большы даход і інвестыцыі ў ІТ
У адпаведнасці са Статутам, Назіральная рада накіравала дакумент Камісіі кардыналаў, “падкрэсліваючы надзейнасць і высокую якасць фінансавых дадзеных Інстытута (узровень актываў і ліквіднасці) і іх адпаведнасць самым высокім міжнародным стандартам”.
Згодна з распараджэннем папы Францішка, таксама сёлета Камісія кардыналаў разгледзела пытанне аб поўным размеркаванні прыбытку. “У 2019 г. Інстытут працягнуў эканомна і разважліва аказваць фінансавыя паслугі на карысць Дзяржавы Ватыкан і Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце”, - гаворыцца ў заяве.
Ключавыя фінансавыя дадзеныя Банка за 2019 г., выражаныя ў еўра, выглядаюць наступным чынам: 5,1 млрд дэпазітаў кліентаў (5,0 млрд у 2018 г.), з якіх 3,4 млрд адносяцца да кіраваных актываў або захоўваюцца ў каштоўных паперах; чысты прыбытак 38 млн (17,5 млн у 2018 г.), што з’яўляецца вынікам інвестыцыйнага працэсу, які адпавядае каталіцкай этыцы; актывы ў памеры 630,3 млн па стане на 31 снежня 2019 г. пасля ўліку размеркавання прыбытку.
Акрамя таго, Банк падтрымлівае высокі ўзровень каэфіцыента пакрыцця кароткатэрміновай ліквіднасці (LCR) у 443% і стабільны каэфіцыент фінансавання (NSFR) 1008%.
Шасціасабовую Назіральную раду Інстытута рэлігійных спраў узначальвае француз Жан-Батыст Дувіль дэ Франсю. Камісія кардыналаў складаецца з: старшыні – кардынала Сантаса Абрыль-і-Кастэльё; Дзяржсакратара Яго Святасці, кардынала Пьетра Параліна; арцыбіскупа Заграбскага, кардынала Ёсіпа Базаніча; арцыбіскупа Таронтскага, кардынала Томаса Крыстафера Колінза; арцыбіскупа Венскага, кардынала Крыстафа Шонборна.