Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Старшыня “экуменічнай” дыкастэрыі: вынікі 10-гадовага служэння

У экуменізме можна было б ісці больш хуткімі тэмпамі. Балюча, што цяжкасці грамадская думка заўсёды прыпісвае католікам, хоць перашкоды існуюць з абодвух бакоў, - заўважыў кардынал Курт Кох.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначае 10-гадовы юбілей служэння на пасадзе.

Асноўнымі “экуменічнымі” момантамі апошніх 10 гадоў кардынал Кох лічыць: падарожжа Бэнэдыкта XVI у Эрфурт, дзе прагучала прамова на тэму Марціна Лютэра; яго паездку ў Англію і сустрэчу з англіканамі; доўгачаканую гістарычную сустрэчу Францішка з Патрыярхам Кірылам у Гаване; яго ўдзел у гадавіне Рэфармацыі ў шведскім Лундзе; візіт Папы ў штаб-кватэры Сусветнай Рады Цэркваў у Жэневе ў 2018 г.

Іерарх нагадаў, што запрашэнне, з якім яшчэ Ян Павел II звярнуўся да ўсіх хрысціянскіх Цэркваў, распачаць адкрыты дыялог аб першынстве Біскупа Рыма такім чынам, каб яно было не перашкодай для адзінства, але служэннем, да гэтага часу не было цалкам прынята.

Для цяперашняга Папы вельмі важным застаецца пытанне развіцця сінадальнасці ў Каталіцкім Касцёле. Наступны Сінод Біскупаў будзе прысвечаны гэтай тэме.

Францішак увесь час падкрэслівае, што сінадальнасць – гэта не парламент. Дэмакратыя – гэта працэдура, якая дазваляе ўсталяваць волю большасці, а сінадальнасць – працэс, які дапамагае дасягненню аднадушнасці. Так доўга дыскуціраваць, пакуль рашэнне не будзе прынята аднагалосна. Гэта больш патрабавальна, чым дэмакратыя, - патлумачыў кардынал Кох у інтэрв’ю швейцарскаму парталу kath.ch.

Больш за тое, старшыня Папскай рады падкрэсліў, што ў экуменізме важныя як запал да адзінства, так і цярпенне. Гаворка ідзе не толькі пра арганізацыйны саюз, але і пра адзінства ў веры. Таму наша мэта – не хуткія рашэнні, а тыя, што будуць працаваць на практыцы.

Ватыканскі іерарх указаў на патрэбу сведчання пра адзінства ва ўнутрыкасцёльных адносінах. Калі католікі не ўмеюць весці дыялог з сваімі сабратамі, са сваім біскупам, ім няма даверу і ў галіне экуменізму.
 

24 ліпеня 2020, 12:57