Кіраўнік музеяў Ватыкана пра сёння і заўтра мастацкай установы
“Наведвальнікаў пакуль яшчэ мала. Яны зараз маюць унікальную магчымасць павольна хадзіць па залах і спакойна знаёміцца з нашымі шэдэўрамі. Атмасфера станоўчая, яна дае надзею. За апошні тыдзень нас наведалі 25 тыс. чалавек – прыкладна столькі ж, колькі раней было ў адзін дзень. Мы рады, што іх лік стабільна расце”, - сказала кіраўнік мастацкай структуры ў вялікім інтэрв’ю iz.ru.
Яна нагадала, што ў Музеях знаходзяцца калекцыі Старажытнага Егіпта, грэка-рымскай антычнасці – магчыма, лепшая ў свеце, - вялікага жывапісу Рэнесансу і барока і сучаснага рэлігійнага мастацтва.
“Папа Францішак хоча, каб мы з усімі дзяліліся нашай культурнай і духоўнай спадчынай, дапамагалі знаходзіць свае карані. Гэтай мэце, у прыватнасці, служыць адкрыты 18 кастрычніка 2019 г. этналагічны музей Ватыкана Anima mundi”, - заўважыла Ята.
Ватыканскія музеі актыўна папаўняюць сваю калекцыю і супрацоўнічаюць з іншымі мастацкімі галерэямі. “Мы атрымліваем новыя карціны сучасных мастакоў, арганізуем экспазіцыі, дзелімся нашымі працамі з іншымі музеямі. У Музеі Карла-Марыі Марціні ў Мілане зараз праходзіць выстава французскіх майстроў з нашых калекцый – Радэна, Маціса, Шагала і іншых. Збіраемся таксама паказаць работы сучаснага бельгійскага мастака Жан-Мішэля Фалона і італьянскага жывапісца Гаэтана Прэв’яці”, - паведаміла мастацтвазнаўца.
“Бабуля мяне выхоўвала і адыграла велізарную ролю ў маім станаўленні. Я і вонкава на яе вельмі падобная. Яна была неверагодна шчодрым чалавекам і духоўна адоранай асобай. Ад яе я і мае сёстры атрымалі ў спадчыну не толькі любоў да мастацтва, але і імкненне да свабоды і незалежнасці, адкрытасць, гатоўнасць дапамагчы”, - сказала кіраўнік Ватыканскіх музеяў.
“Духоўнасць заўсёды ляжыць у аснове мастацтва, у якім адначасова выяўляецца і творчае “я” мастака. Не думаю, што ў музеі ідуць, як у сабор – дом малітвы і веры. Хоць музей таксама можа быць месцам малітвы. Але ў іх абсалютна розныя прызначэнні”, - лічыць Барбара Ята.