Барбара Ята, дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята, дырэктар Ватыканскіх музеяў 

Кіраўнік музеяў Ватыкана пра сёння і заўтра мастацкай установы

Місія Ватыканскіх музеяў застаецца ранейшай – знаёміць з багаццем папскіх калекцый, - заявіла Барбара Ята. Яна прааналізавала цяперашнюю сітуацыю і падзялілася планамі на будучыню.

“Наведвальнікаў пакуль яшчэ мала. Яны зараз маюць унікальную магчымасць павольна хадзіць па залах і спакойна знаёміцца з нашымі шэдэўрамі. Атмасфера станоўчая, яна дае надзею. За апошні тыдзень нас наведалі 25 тыс. чалавек – прыкладна столькі ж, колькі раней было ў адзін дзень. Мы рады, што іх лік стабільна расце”, - сказала кіраўнік мастацкай структуры ў вялікім інтэрв’ю iz.ru.

Яна нагадала, што ў Музеях знаходзяцца калекцыі Старажытнага Егіпта, грэка-рымскай антычнасці – магчыма, лепшая ў свеце, - вялікага жывапісу Рэнесансу і барока і сучаснага рэлігійнага мастацтва.

Вельмі важна і тое, што ў адрозненне ад іншых вялікіх музеяў для нас асаблівае значэнне мае не толькі мастацкая каштоўнасць твораў, але і пытанне веры.

“Папа Францішак хоча, каб мы з усімі дзяліліся нашай культурнай і духоўнай спадчынай, дапамагалі знаходзіць свае карані. Гэтай мэце, у прыватнасці, служыць адкрыты 18 кастрычніка 2019 г. этналагічны музей Ватыкана Anima mundi”, - заўважыла Ята.

Ватыканскія музеі актыўна папаўняюць сваю калекцыю і супрацоўнічаюць з іншымі мастацкімі галерэямі. “Мы атрымліваем новыя карціны сучасных мастакоў, арганізуем экспазіцыі, дзелімся нашымі працамі з іншымі музеямі. У Музеі Карла-Марыі Марціні ў Мілане зараз праходзіць выстава французскіх майстроў з нашых калекцый – Радэна, Маціса, Шагала і іншых. Збіраемся таксама паказаць работы сучаснага бельгійскага мастака Жан-Мішэля Фалона і італьянскага жывапісца Гаэтана Прэв’яці”, - паведаміла мастацтвазнаўца.

Барбара Ята прызналася, што на яе моцна паўплывала руская бабуля – Аляксандра Алсуф’ева, якая паходзіла з вядомай арыстакратычнай сям’і.

“Бабуля мяне выхоўвала і адыграла велізарную ролю ў маім станаўленні. Я і вонкава на яе вельмі падобная. Яна была неверагодна шчодрым чалавекам і духоўна адоранай асобай. Ад яе я і мае сёстры атрымалі ў спадчыну не толькі любоў да мастацтва, але і імкненне да свабоды і незалежнасці, адкрытасць, гатоўнасць дапамагчы”, - сказала кіраўнік Ватыканскіх музеяў.

“Духоўнасць заўсёды ляжыць у аснове мастацтва, у якім адначасова выяўляецца і творчае “я” мастака. Не думаю, што ў музеі ідуць, як у сабор – дом малітвы і веры. Хоць музей таксама можа быць месцам малітвы. Але ў іх абсалютна розныя прызначэнні”, - лічыць Барбара Ята.
 

13 жніўня 2020, 13:24