Святы Пасад фінансава дапаможа жыхарам Лацінскай Амерыкі
Іх адбор і аналіз адбыўся ў рамках штогадовага пасяджэння Адміністрацыйнай рады Фонду, якое праходзіла 29-30 ліпеня 2020 г. у анлайн-фармаце.
Абмяркоўваўся таксама стан рэалізацыі іншых 30 праектаў харчовай дапамогі, тэрмінова распачатых у чэрвені ў адказ на заклік папы Францішка аб’яднацца з ватыканскай Камісіяй па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, каб разам праявіць клопат пра чалавецтва ў разгары крызісу.
Ініцыятывы на карысць карэнных народаў, афраамерыканскіх і сялянскіх супольнасцей паўднёваамерыканскага рэгіёна будуць уключаюць меры па павелічэнні сельскагаспадарчай вытворчасці, рамеснай і камерцыйнай прадукцыі, стварэнне малых прадпрыемстваў і такіх важных інфраструктур, як сістэмы водазабеспячэння, каналізацыі і энергазабеспячэння, паляпшэнне сітуацыі ў галіне аховы здароўя і адукацыі, развіццё камунікацыйнай сферы.
Падчас сустрэчы кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека і старшыня Фонду “Populorum Progressio”, падзякаваў членам арганізацыі за высілкі і заахвоціў працягваць з адданасцю і энтузіязмам працаваць на карысць тых, хто патрабуе дапамогі ў гэты складаны момант.
Сакратар Дыкастэрыі, мансеньёр Бруна Мары Дзюфэ, дадаў, што “гаворка ідзе не пра падрыхтоўку да будучыні, але пра падрыхтоўку самой будучыні”, і што “міласэрнасць Касцёла павінна быць сведчаннем веры і надзеі, а салідарнасць павінна дапамагчы перамяніць страх у гэтую надзею”.
У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі шэрагу касцёльных і дабрачынных каталіцкіх структур, якія часткова фінансуюць ажыццяўленне праектаў Фонду “Populorum Progressio”. Сярод іх – Камітэт па дабрачынных ініцыятывах на карысць краін трэцяга свету пры біскупскай канферэнцыі Італіі і амерыканская дабрачынная арганізацыя “Cross Catholic Outreach”.
Фонд “Populorum progressio” быў заснаваны ў 1992 г. у рамках Папскай рады “Сor Unum”. Сёння каардынацыяй яго дзейнасці займаецца Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Сваю назву структура атрымала ад аднайменнай энцыклікі папы Паўла VI, апублікаванай у 1969 г., пасля падарожжа Пантыфіка ў краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Індыю, якая стала адным з важных стаўпоў сацыяльнага вучэння Касцёла.