Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Працягваецца ватыканская акцыя салідарнасці моладзі з пажылымі

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця заклікае маладых людзей працягваць наладжваць кантакты з пажылымі людзьмі не толькі ў сваёй сям’і і бліжэйшым атачэнні, але і з тымі, хто жыве ў адзіноце.

У абвешчанай у ліпені кампаніі “Кожны пажылы чалавек – твае бабуля і дзядуля” з’явіўся хэштэг #sendyourhug.

Ініцыятыва натхнёная неаднаразовым заахвочваннем Папы ў бок моладзі, падтрымліваць сувязь са старэйшым пакаленнем, дапамагаць бабулям і дзядулям, слухаць іх, пераймаць іх досвед і вучыцца на іх мудрасці. Таксама імпульсам для пачатку акцыі стала пандэмія каронавіруса, у выніку якой шмат людзей пажылога ўзросту былі ізаляваны ад свету і пазбаўлены кантактаў са сваімі блізкімі.

“Хацеў бы запрасіць моладзь да жэстаў пяшчоты ў бок пажылых людзей, асабліва самых адзінокіх, у дамах і пансіянатах, у бок тых, хто шмат месяцаў не бачыў сваіх блізкіх. Дарагія маладыя людзі, кожны з іх – вашы бабуля і дзядуля! Не пакідайце іх! Выкарыстоўвайце фантазію любові, тэлефануйце ім, здзяйсняйце відэазванкі, адпраўляйце паведамленні, слухайце іх і, калі магчыма, у адпаведнасці з правіламі аховы здароўя, сустракайцеся з імі. Абдыміце іх”, - сказаў Францішак 26 ліпеня 2020 г. пасля “Анёл Панскі”.

Мэта ватыканскай ініцыятывы – заахвоціць моладзь, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі і ўласную вынаходлівасць, рознымі спосабамі кантактаваць з пажылымі людзьмі, праяўляць сардэчнасць і цікавасць. Гаворка ідзе пра пастаянны кантакт, не абмежаваны адзінкавымі жэстамі, які стане магчымасцю для наладжвання адносін і абмену ідэямі.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця заклікала маладых людзей пазначаць усе свае справаздачы пра віртуальныя і рэальныя сустрэчы і свае ідэі на гэтую тэму хэштэгам #sendyourhug. Найбольш важныя паведамленні размесцяць у Інстаграм і Твітэр на профілі ватыканскай структуры.
 

29 жніўня 2020, 13:03