Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Двухбаковая гатоўнасць абнавіць ватыканска-кітайскае пагадненне

Тэрмін дзеяння ватыканска-кітайскай дамовы аб прызначэнні біскупаў канчаецца ў кастрычніку, але абодва бакі гатовыя яго падоўжыць, - заявіў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал Пьетра Паралін.

Змест Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, падпісанага 22 верасня 2018 г. у Пекіне, застаецца канфідэнцыяльным, але вядома, што, хоць кітайскія ўлады ўдзельнічаюць у працэсе вылучэння кандыдатаў, канчатковае рашэнне аб намінацыі прымае Пантыфік.

Вынікам дамовы стала прызнанне Францішкам біскупаў, раней вылучаных уладамі без згоды Папы. Дзякуючы гэтаму, упершыню за 60 гадоў увесь кітайскі епіскапат знаходзіцца ў лучнасці з Апостальскай Сталіцай.

У той жа час, кітайскія ўлады прызналі пяць біскупаў, прызначаных Пантыфікам без кансультацыі з імі, а ў жніўні 2020 г. адбылося пасвячэнне двух першых іерархаў, вылучэнне і прызначэнне якіх прайшло згодна з дасягнутай дамоўленасцю.

Адносіны паміж Святым Пасадам і КНР былі разарваны ў 1951 г., і ў наступныя гады Касцёл у кіраванай камуністамі краіне зазнаваў надзвычай жорсткі пераслед. Улады саджалі каталіцкіх святароў у турмы, знішчалі месцы культу, а з 1957 г. Патрыятычная асацыяцыя кітайскіх католікаў спрабавала цалкам кантраляваць дзейнасць мясцовага Касцёла і аддзяліць яго ад Рыма.

У 2018 г. Святы Пасад і Рэспубліка падпісалі часовае пагадненне, у якім касцёльны бок пагадзіўся на прызначэнне біскупаў у мацерыковым Кітаі з ліку кандыдатаў, рэкамендаваных Патрыятычнай асацыяцый.

Трэба звярнуць увагу, што Пекін таксама спрабуе разарваць ватыканска-тайваньскія адносіны. Апостальская Сталіца перанесла ў 1951 г. сваю нунцыятуру з Пекіна ў Тайбэй і цяпер з’яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з гэтай, паводле Пекіна, “паўстанцкай правінцыяй КНР”.
 

14 верасня 2020, 13:34