Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Кола вучняў Ратцынгера збярэцца на штогадовую сустрэчу

“Пан мой і Бог мой (Ян 20, 28) – пытанне Бога перад актуальнымі выклікамі” - тэма сёлетняй сустрэчы Кола вучняў Ратцынгера (Ratzinger Schuelerkreis), якая пройдзе ў Рыме 25 і 26 верасня 2020 г.

Як і ў папярэднія гады, большая частка працы гэтай групы будзе праходзіць за закрытымі дзвярыма, але таксама адбудуцца і публічныя дэбаты, у якіх прымуць удзел два ватыканскія іерархі: кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, і кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Тэма сустрэчы, як звычайна, была ўхвалена Бэнэдыктам XVI. У дыскусіях будуць браць удзел не толькі былыя студэнты Ёзэфа Ратцынгера, але і прадстаўнікі новага пакалення навукоўцаў, якія даследуюць і працягваюць развіваць спадчыну Папы-эмерыта. У 2018 г. яны аб’ядналіся ў “Новае кола вучняў”. Сярод яго членаў не толькі католікі, але і праваслаўныя.

Члены “Кола вучняў Ратцынгера” сустракаюцца рэгулярна з 1977 года. У яго ўваходзяць асобы, якія пад кіраўніцтвам Папы на пенсіі пісалі доктарскія дысертацыі ці былі яго памочнікамі. На працягу апошніх гадоў Бэнэдыкт XVI не прымае ўдзел у пасяджэннях, але заўсёды імкнецца знайсці час, каб памаліцца разам з былымі студэнтамі або пазнаёміцца з вынікамі іх дыскусій.
 

07 верасня 2020, 12:47