Пасяджэнне Папскай акадэміі сацыяльных навук з удзелам Францішка. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Папскай акадэміі сацыяльных навук з удзелам Францішка. Ілюстрацыйнае фота 

Папскі акадэмік: большасць людзей не ведае, чым займаецца Касцёл

Маральнае, добрае жыццё – гэта тое, што патрэбна ў час, пазначаны наступствамі пандэміі і фінансавага крызісу, - падкрэсліла новы член Папскай акадэміі сацыяльных навук.

4 верасня 2020 г. англійская дамініканка Хэлен Алфорд, згодна з рашэннем Пантыфіка, увайшла ў склад навуковай структуры. Яна з’яўляецца прарэктарам Папскага ўніверсітэта імя св. Тамаша Аквінскага ў Рыме і аўтарам шматлікіх публікацый на тэму сувязі эканомікі і этыкі.

У інтэрв’ю Vatican News законніца нагадала, што Папа паставіў перад навукоўцамі заданне вырашыць праблему змены структуры эканомікі пасля пандэміі, і зрабіць гэта ў кантэксце існавання грамадскай несправядлівасці, адчужэння і безадказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

Паводле эксперта, пачынаць трэба з этыкі. Менавіта ў гэтым ключы пройдуць дыскусіі ў рамках сустрэчы, запланаванай на сярэдзіну кастрычніка і прысвечанай аднаўленню эканомікі пасля пандэміі.

“Я спадзяюся, што змагу зрабіць істотны ўнёсак у гэту рэфлексію, у тым ліку дзякуючы каштоўнай інтэлектуальнай традыцыі Ордэна Дамініканаў”

, - сказала законніца.

Сястра Хэлен Алфорд лічыць важным умацаванне сацыяльнай адказнасці бізнесу, а таксама інфармаванне грамадскасці аб дзейнасці Касцёла ў сацыяльнай сферы. “Гэта магло б вельмі дапамагчы касцёльным ініцыятывам, якія застаюцца невядомымі, а таму – неэфектыўнымі”, - лічыць яна.

Дамініканка падкрэсліла важнасць павелічэння колькасці публікацый аб дзейнасці Касцёла. Паводле яе, большасць не ведае пра вялікія намаганні каталіцкіх структур, накіраваныя на дапамогу хворым на СНІД і ахвярам гандлю людзьмі, пра вялікі ўплыў на жыццё грамадства многіх краін праз сістэму каталіцкай адукацыі і гарантаванне права чалавека на ахову здароўя.
 

15 верасня 2020, 14:18