Ватыканскі кардынал: дзе самыя бедныя – там місіянеры
Прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў нагадаў, што місіянерства – гэта неад’емная частка самасвядомасці верніка. Кожны хрысціянін пакліканы пазнаваць і любіць Бога, а таксама абвяшчаць Евангелле праз сведчанне, слова і ўчынкі міласэрнасці.
Кардынал Тагле заўважыў, што духоўная і матэрыяльная падтрымка місіянераў ажыццяўляецца праз пасярэдніцтва Папскіх місійных ініцыятыў. Ён заклікаў вернікаў адчуваць сябе часткай місійнай дынамікі Касцёла, супрацоўнічаючы ў фінансавай падтрымцы евангелізацыі.
Іерарх заўважыў, што нягледзячы на сур’ёзныя выклікі, на якія адказвае свет у нашу эпоху, місіянерская дзейнасць Касцёла не спыняецца, а місіянеры няспынна знаходзяцца побач з самымі беднымі і патрабуюць нашай падтрымкі.
Сусветны дзень місій адзначаецца кожны год у трэцюю нядзелю кастрычніка. Ён быў устаноўлены ў 1926 г. папам Піем ХІ. У спецыяльным пасланні на сёлетнюю ўрачыстасць Францішак адзначыў, што Бог працягвае шукаць, каго паслаць у свет і да народаў, каб сведчыць пра сваю любоў, пра выбаўленне ад граху і смерці і вызваленне ад зла.