Папскі дыпламат: дамова з Кітаем дала аснову для дыялогу
У інтэрв’ю інтэрнэт-выданню “Crux” Cакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі заўважыў, што вялікія і ўплывовыя краіны маюць шмат інструментаў у адносінах з Кітаем: эканамічныя і фінансавыя, часам стратэгічныя і ваенныя. “Святы Пасад не мае нічога з гэтага. У нас ёсць толькі дыялог”, - дадаў ён.
Папскі дыпламат прызнаўся, што дасягненняў у адносінах з гэтай краінай няшмат. Але ён нагадаў, што ў дыпламатыі існуе вялікая розніца паміж “чымсьці” і “нічым”. Канкрэтным вынікам дамоўленасцей з’яўляецца той факт, што сёння ўпершыню за апошнія 50 гадоў усе біскупы ў Кітаі знаходзяцца ў еднасці са Святым Айцом, - сцвердзіў ён.
Паводле арцыбіскупа Галахера, дамову варта было заключаць, нават нягледзячы на зразумелую крытыку, якую яна мела ў свеце. Дзякуючы таму, што быў наладжаны дыялог, ватыканская дыпламатыя цяпер можа займацца вырашэннем і іншых пытанняў. “Калі б мы цалкам адмовіліся ад дыялогу, у нас не было б для гэтага ніякай магчымасці”, - дадаў Сакратар па адносінах з дзяржавамі.