Кардынал Паралін: патрэбны дальнабачны перагляд мадэляў развіцця
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Папскі фонд Centesimus Annus. Першае анлайн-пасяджэнне ў рамках форуму прайшло 23 кастрычніка 2020 г.; другое будзе адбывацца 30 кастрычніка 2020 г. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы адкрыў працу канферэнцыі сваім зваротам, у якім правёў паралелі паміж энцыклікамі Францішка Laudato Si' і Fratelli tutti.
Спаслаўшыся на Святога Айца, кардынал Паралін падкрэсліў, што выпрабаванне пандэміяй выявіла ўразлівасць чалавечай натуры, падманнасць самаўпэўненасці, да якой схільны чалавек, і выказаў перакананне, што чалавецтву трэба змяніць кірунак свайго руху ў бок Бога і сваіх бліжніх, у духу супрацоўніцтва і ўсведамлення сваёй прыналежнасці да свету як братоў і сясцёр.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы патлумачыў, што канцэпцыя інтэгральнай экалогіі павінна разумецца шырэй за выключна прыроднае вымярэнне і ўключаць усеахопнае бачанне шматбаковага жыцця, натхняючы на найлепшыя палітычныя рашэнні, на працэсы даследаванняў і развіцця і на крытэрыі ацэнкі дзейнасці, далёкія ад скажонага разумення росту і развіцця.
Цэнтральным пунктам такога падыходу, працягнуў пурпурат, павінна быць чалавечая асоба і неабходнасць пашырэння культуры клопату і аховы, супрацьлеглай культуры адкідання. У рэалізацыі такой мадэлі жыцця выключную ролю, побач з палітычнымі і тэхнічнымі рашэннямі, набываюць адукацыя і выхаванне.
Патрэбна маральная разважлівасць на карысць новага, больш глыбокага ўсведамлення сэнсу эканомікі і яе мэт; патрэбны сутнасны і дальнабачны перагляд мадэлі развіцця з тым, каб выправіць існуючыя скажэнні, - сказаў кардынал Паралін. Ён выказаў упэўненасць, што дзейнасць прадпрымальнікаў павінна служыць развіццю іншых людзей і пераадоленню беднасці, асабліва праз стварэнне магчымасцей для разнастайнай працы. Беспрацоўе, выкліканае развіццём тэхналогій, патрабуе крэатыўнага і разумнага адказу.
“Нам патрэбна, каб сусветны юрыдычны, палітычны і эканамічны кірунак узмацняў і арыентаваў міжнароднае супрацоўніцтва ў бок салідарнага развіцця ўсіх народаў”, - сцвердзіў кардынал Паралін.