Папа-эмерыт Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Папа-эмерыт Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Прэмію Ратцынгера атрымаюць тэолагі з Францыі і Аўстраліі

Французскі філосаф і тэолаг Жан-Люк Марыён і аўстралійская даследчыца спадчыны Бэнэдыкта XVI Трэйсі Роўланд сталі сёлетнімі лаўрэатамі Прэміі Ратцынгера.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 14 лістапада 2020 г. у Ватыкане ў прысутнасці папы Францішка, - паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, старшыня Ватыканскага фонда імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI.

Прафесар Жан-Люк Марыён нарадзіўся ў 1946 г. у Парыжы. Яго даследаванні тычацца гісторыі філасофіі і фенаменалогіі. Фундаментальнае значэнне маюць яго працы, прысвечаныя Дэкарту, гісторыі метафізікі, фенаменалогіі любові і дару. Марыён з’яўляецца членам Французскай акадэміі, аўтарам шматлікіх публікацый у прэстыжных навуковых часопісах. Ён быў членам Папскай рады па культуры. Супрацоўнічае з міжнародным часопісам “Communio”.

Прафесар Трэйсі Роўланд нарадзілася ў 1963 г. у Аўстраліі. У Кэмбрыджскім універсітэце абараніла доктарскую дысертацыю аб адносінах паміж тэалогіяй ХХ стагоддзя і ідэяй культуры. З 2001 па 2017 гг. была дэканам Інстытута сужэнства і сям’і імя Яна Паўла ІІ у Мельбурне. Вывучала тэалогію ў Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Дзве яе галоўныя навуковыя працы прысвечаны тэалогіі Бэнэдыкта XVI. З’яўляецца аўтарам каля 150 публікацый і членам рэдакцыйнай рады міжнароднага часопіса “Communio”. Спецыялізуецца ў фундаментальнай тэалогіі, тэалагічнай антрапалогіі і экуменізме. З 2014 г. з’яўляецца членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

Прэмія Ратцынгера будзе ўручацца сёлета ўжо ў дзясяты раз. Узнагарода прысуджаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Яе называюць “Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі”.
 

01 кастрычніка 2020, 13:27