Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: не надаваць каронавірусу “адукацыйнай ролі”

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека нагадаў пра важнасць адукацыі, асабліва ў час пандэміі, і заклікаў выхоўваць маладое пакаленне ў духу цэласнай экалогіі.

Кардынал Пітэр Тарксан прыняў удзел у міжнароднай анлайн-канферэнцыі на тэму “Вехі інтэгральнай экалогіі на карысць сацыяльнай эканомікі”, арганізаванай Папскім фондам Centesimus Annus.

Падчас форума гаворка ішла пра патрэбу чалавецтва ў пераменах, што ставіць шматлікія культурныя, духоўныя і адукацыйныя выклікі. У сувязі з гэтым, ватыканскі іерарх падкрэсліў, што адукацыя з’яўляецца нібыта “інструкцыяй” па карыстанні светам. Важна, аднак, каб яна садзейнічала прыхільнасці цэласнай экалогіі і агульнаму дабру.

Паводле кардынала Тарксана, трэба вучыць моладзь глядзець на агульнае дабро, праз прызму трох фундаментальных кампанентаў – аховы жыцця, абароны зямлі, адносін з іншымі, сабой і Богам.

Падчас канферэнцыі звярталася ўвага на важнасць і актуальнасць выхавання фінансавай адукаванасці. Без належнай фармацыі ў гэтай сферы будзе ўсё больш і больш узрастаць няроўнасць, у прыватнасці, паміж тымі, хто здольны карыстацца магчымасцямі рынка, і тымі, хто не ўмее рабіць гэтага.

У анлайн-сустрэчы прыняў удзел таксама старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Нунцыа Галанціна. Ён звярнуў увагу на тэрміновую важнасць спрыяння інтэгральнаму чалавечаму развіццю для трансфармацыі грамадства краін, якая павінна ўключаць палітычную і эканамічную сферы.

Іерарх заклікаў не надаваць каронавірусу “адукацыйнай ролі”. Вірус не робіць нас лепшымі. Ён нанёс вялікую шкоду адукацыйнаму працэсу і зрабіў больш вострымі праблемы, якія існавалі ў гэтай сферы. “Гэта робіць па-сапраўднаму неадкладнай патрэбу ў інвестыцыях у адукацыю”, - сцвердзіў арцыбіскуп Галанціна.
 

31 кастрычніка 2020, 13:14