Пошук

Ілюстрацыйнае фото Ілюстрацыйнае фото 

Дзяржсакратарыят пазбавілі функцыі кіравання фондамі

Папа заснаваў камісію, адказную за перадачу фінансавых фондаў Дзяржсакратарыята пад кантроль Сакратарыята па эканамічных пытаннях Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA).

Працэс павінен быць завершаны ў бліжэйшыя тры месяцы. У склад адказнай за гэта “Камісіі пераходу і кантролю” ўвайшлі Субстытут па агульных справах у Дзяржсакратарыяце, арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара; старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, біскуп Нунцыё Галанціна і прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра.

З імі, а таксама з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і Генеральным сакратаром Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, біскупам Фернанда Вэрхэсам Альсага Францішак сустрэўся 4 лістапада 2020 г. у Ватыкане, каб абмеркаваць шляхі рэалізацыі патрабаванняў, звязаных з рэфармаваннем эканамічна-фінансавай дзейнасці структур Святога Пасаду.

Адпаведныя наказы Папа ўпершыню сфармуляваў у лісце да кардынала П’етра Параліна ад 25 жніўня 2020 г. У ім Францішак казаў пра жаданне надаць эканамічнай дзейнасці больш евангелічны характар і падкрэсліваў выключную важнасць канкрэтнага вызначэння місіі кожнай эканамічнай і фінансавай установы, з тым каб “пазбегнуць непатрэбных і стратных накладак, падзелаў або дубліравання”.

У сувязі з гэтым Папа ўказаў на немэтазгоднасць выканання Дзяржсакратарыятам шэрагу функцый, размеркаваных сярод іншых Дыкастэрый, і выказаўся за вядзенне эканамічнай і фінансавай дзейнасці згодна з прынцыпам субсідыярнасці.

Францішак пастанавіў, каб Дзяржсакратарыят Святога Пасаду “перадаў Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы кіраванне і загадванне ўсімі фінансавымі фондамі і нерухомай маёмасцю, якія ў любым выпадку захаваюць сваё актуальнае прызначэнне”.

“Асаблівай увагі заслугоўваюць інвестыцыі, зробленыя ў Лондане, і Фонд Centurion, з якіх трэба выйсці як мага хутчэй ці хаця б распараджацца імі так, каб пазбегнуць рэпутацыйнай рызыкі”, - гаварылася ў лісце.

Згодна з рашэннем Папы, “усе фонды, якія да гэтага часу кіраваліся Дзяржсакратарыятам, павінны быць уключаны ў кансалідаваны бюджэт Святога Пасаду”, а сваю эканамічную і фінансавую дзейнасць Дзяржсакратарыят павінен ажыццяўляць у рамках бюджэту, зацверджанага паводле звычайных механізмаў і працэдур, што патрабуюцца ад кожнай Дыкастэрыі. Гэта не датычыць спраў, характар якіх будзе вызначаны як сакрэтны.
 

06 лістапада 2020, 11:05