Дзяржсакратарыят пазбавілі функцыі кіравання фондамі
Працэс павінен быць завершаны ў бліжэйшыя тры месяцы. У склад адказнай за гэта “Камісіі пераходу і кантролю” ўвайшлі Субстытут па агульных справах у Дзяржсакратарыяце, арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара; старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, біскуп Нунцыё Галанціна і прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра.
З імі, а таксама з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і Генеральным сакратаром Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, біскупам Фернанда Вэрхэсам Альсага Францішак сустрэўся 4 лістапада 2020 г. у Ватыкане, каб абмеркаваць шляхі рэалізацыі патрабаванняў, звязаных з рэфармаваннем эканамічна-фінансавай дзейнасці структур Святога Пасаду.
Адпаведныя наказы Папа ўпершыню сфармуляваў у лісце да кардынала П’етра Параліна ад 25 жніўня 2020 г. У ім Францішак казаў пра жаданне надаць эканамічнай дзейнасці больш евангелічны характар і падкрэсліваў выключную важнасць канкрэтнага вызначэння місіі кожнай эканамічнай і фінансавай установы, з тым каб “пазбегнуць непатрэбных і стратных накладак, падзелаў або дубліравання”.
Францішак пастанавіў, каб Дзяржсакратарыят Святога Пасаду “перадаў Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы кіраванне і загадванне ўсімі фінансавымі фондамі і нерухомай маёмасцю, якія ў любым выпадку захаваюць сваё актуальнае прызначэнне”.
“Асаблівай увагі заслугоўваюць інвестыцыі, зробленыя ў Лондане, і Фонд Centurion, з якіх трэба выйсці як мага хутчэй ці хаця б распараджацца імі так, каб пазбегнуць рэпутацыйнай рызыкі”, - гаварылася ў лісце.
Згодна з рашэннем Папы, “усе фонды, якія да гэтага часу кіраваліся Дзяржсакратарыятам, павінны быць уключаны ў кансалідаваны бюджэт Святога Пасаду”, а сваю эканамічную і фінансавую дзейнасць Дзяржсакратарыят павінен ажыццяўляць у рамках бюджэту, зацверджанага паводле звычайных механізмаў і працэдур, што патрабуюцца ад кожнай Дыкастэрыі. Гэта не датычыць спраў, характар якіх будзе вызначаны як сакрэтны.