Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рэдакцыя L’Osservatore Romano развіталася з Ватыканам

Пасля 160 гадоў рэдакцыя L’Osservatore Romano пакінула сцены Ватыкана. Выданне газеты 12 лістапада 2020 г. упершыню было рэалізавана з новага “месца жыхарства” – на рымскай плошчы Піа, каля Замка св. Анёла.

Мансеньёр Лусіа Адрыян Руіс, сакратар ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацый, благаславіў і афіцыйна адкрыў 11 лістапада офіс рэдакцыі. Каманда італьянскага выдання ўжо працуе на новым месцы, неўзабаве сюды перабяруцца калектывы іншых моўных версій. Цяпер моўныя выданні L’Osservatore Romano будуць супрацоўнічаць з адпаведнымі рэдакцыямі Vatican News - Ватыканскага радыё.

Пераезд у будынак Дыкастэрыі па камунікацый з’яўляецца часткай рэформы Рымскай курыі, якая рэалізуецца папам Францішкам.

Першы нумар L’Osservatore Romano па-італьянску з’явіўся 1 ліпеня 1861 г. Першае штотыднёвае выданне на замежнай мове ўбачыла свет у 1949 г. на французскай мове. У цяперашні час штотыднёвікі таксама выходзяць на італьянскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай і польскай мовах.

Кіраўніком папскага СМІ з’яўляецца Альберта Монда. З прычыны пандэміі каронавіруса летам было прыпынена выданне італьянскай папяровай версіі газеты – яна выходзіла толькі ў электронным варыянце.

Нягледзячы на невялікі наклад, менш за 10 тыс. асобнікаў, L’Osservatore Romano як газета Святога Пасаду карыстаецца вялікім прызнаннем у свеце.
 

13 лістапада 2020, 11:30