Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад салідарны з работнікамі рыбалоўнай сферы

Апостальская Сталіца заклікае міжнародную супольнасць прыкладаць больш намаганняў на карысць паляпшэння ўмоваў жыцця і працы работнікаў рыбалоўнай прамысловасці.

З нагоды Сусветнага дня рыбалоўства, які штогадова адзначаецца 21 лістапада па ініцыятыве Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека абнародавала спецыяльнае пасланне.

У дакуменце падкрэсліваецца важнасць рыбалоўнага сектара эканомікі, у якімі задзейнічана каля 60 млн чалавек, большая частка з якіх пражывае ў Азіі. Звяртаецца ўвага на тое, што сёлета Сусветны дзень рыбалоўства адзначаецца ва ўмовах пандэміі каронавіруса.

Закрыццё рынкаў рыбы, змяншэнне колькасці кліентаў гатэляў і рэстаранаў, стварыла сур’ёзныя праблемы для продажу свежай рыбы і іншых марскіх прадуктаў, а ў выніку да крызісу ўсёй сферы лоўлі, апрацоўкі, спажывання і гандлю рыбай.

Звяртаецца ўвага таксама на “хранічныя праблемы рыбалоўнага сектара”, сярод якіх незаконная і празмерная рыбная лоўля. Гэта з’ява стварае вялікія цяжкасці для рыбакоў і рыбалоўных супольнасцей, якія дзейнічаюць у рамках нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, а таксама перашкаджае натуральнаму рытму аднаўлення папуляцыі рыбы.

Цяжкія і небяспечныя ўмовы працы рыбакоў абумоўлены закрыццём партоў па прычыне пандэміі, а таксама адсутнасцю магчымасці змены экіпажаў. Акрамя таго, адсутнасць сродкаў індывідуальнай абароны і праца ў закрытых памяшканнях павялічвае рызыку перадачы вірусу паміж рыбакамі. Звяртаецца ўвага на выпадкі смерці ад каронавіруса на бортах марскіх судоў і вымушанае пахаванне памерлых у моры. Часта сем’і не ведаюць аб лёсе сваіх блізкіх.

Работнікі рыбалоўнай сферы нярэдка становяцца ахвярамі гандляроў людзьмі і прымусовай працы, вымушаны жыць у лагерах для бежанцаў, без належных гігіенічных умоў. Пераважная большасць рыбаловаў не мае ніякай сацыяльнай абароны.

У ватыканскім пасланні гучыць заклік да большай салідарнасці з самымі адчужанымі і нагадваюцца словы Папы з энцыклікі Fratelli tutti: “Салідарнасць выяўляецца праз служэнне, якое можа прымаць розныя формы адказнасці за іншых. Служэнне “звычайна азначае клопат пра слабых. Служыць – значыць клапаціцца пра слабых у нашых сем’ях, у нашым грамадстве, у нашай краіне” (115).

Апостальская Сталіца заклікае міжнародныя арганізацыі і дзяржаўныя ўлады краін умацаваць намаганні на карысць паляпшэння ўмоў жыцця і працы рыбаловаў і іх сям’яў, а таксама ў сферы барацьбы з прымусовай працай і гандлем людзьмі.
 

20 лістапада 2020, 11:58