Святы Пасад у АБСЕ: бараніць святасць жыцця ў час пандэміі
Мансеньёр Януш Урбанчык падкрэсліў, што “пытанні бяспекі павінны заўсёды вырашацца глабальным чынам”, беручы пад увагу такія пытанні як “энергетычная бяспека, кліматычныя змены, міграцыя, а таксама актуальны эканамічны і фінансавы крызіс, абцяжараны пандэміяй COVID-19”.
“Часта ўзровень эканамічнага росту краіны з’яўляецца адзіным фактарам, які ўлічваецца ў развіцці”, але “развіццё, пра якое мы размаўляем, не можа абмяжоўвацца выключна ростам эканомікі”. На самой справе, каб развіццё было сапраўдным, яно “павінна дапамагаць кожнаму чалавеку і ўсяму чалавеку”.
Мансеньёр Урбанчык адзначыў той факт, што пандэмія каронавіруса не толькі абвастрыла праблему галечы ў свеце, але і справакавала ўзнікненне новых форм беднасці. Ён нагадаў пра выклікі, звязаныя з сістэмай аховы здароўя, а таксама адсутнасць доступу да правільнай інфармацыі і адукацыі, пакуты, выкліканыя сацыяльнай ізаляцыяй і пашырэннем насілля.
Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю жанчын падчас пандэміі. Апостальская Сталіца часта падкрэслівае вызначальную ролю жанчын у эканоміцы і грамадстве ў цэлым, таму важна бараніць іх годнасць, даць сацыяльныя гарантыі і адпаведныя кампенсацыі.
Паводле ватыканскага дыпламата, усе палітычныя стратэгіі дапамогі найбольш патрабуючым падчас пандэміі павінны грунтавацца на двух асноўных прынцыпах: усёабдымнасці і абароне святасці чалавечага жыцця. Пандэмія падштурхоўвае да пошуку новых і інавацыйных рашэнняў, арыентаваных на агульнае дабро і цэласнае чалавечае развіццё ўсіх, - падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў АБСЕ.