Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: свабода рэлігіі служыць усяму грамадству

Святы Пасад звярнуў увагу на наступствы абмежаванняў, звязаных з пандэміяй, для рэлігійных супольнасцей. Яны ўплываюць на свабоду веравызнання і дзейнасць у рэлігійнай, адукацыйнай і дабрачыннай сферах.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ, мансеньёр Януш Урбанчык прыняў удзел у кансультацыях арганізацыі, прысвечаных укладу лічбавых тэхналогій і грамадзянскай супольнасці ў свабоду веравызнання і перакананняў. Форум прайшоў 10 лістапада 2020 г. у Вене.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што рэлігійныя супольнасці адыгрываюць важную ролю ў барацьбе з каронавірусам праз актыўную прысутнасць у сферы аховы здароўя, а таксама дзейнічаюць на маральным узроўні, стымулюючы да салідарнасці і падтрымліваючы надзею ў грамадстве.

Спасылаючыся на тэму канферэнцыі, мансеньёр Урбанчык рашуча выступіў супраць “рэдукцыйнага” разумення свабоды рэлігіі і перакананняў, згодна з якім рэлігія лічыцца выключна “прыватнай справай чалавека” і павінна быць зведзена да “ўзроўню сумлення індывідуума або да сцен касцёлаў, сінагог і мячэцяў”. Такі падыход адлюстроўвае памылковае ўспрыманне значэння і прыроды свабоды рэлігіі і перакананняў, а таксама ролі рэлігіі ў грамадскім жыцці.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра абавязацельствы АБСЕ ў сферы абароны правоў рэлігійных супольнасцей, што павінна ўключаць таксама павагу да аўтаноміі іх кіраўнічых структур, унутраных правіл, самавызначэння і перакананняў.

“У часы ўзрастаючага секулярызму рэлігійная свабоды з’яўляецца важным правам, якое трэба абараняць, бо яго захаванне служыць як асобе, так і ўсяму грамадству”, - сказаў мансеньёр Урбанчык. Па яго словах, “толькі паслядоўная павага да гэтай свабоды можа гарантаваць свабоднае і поўнае развіццё нашых дэмакратычных грамадстваў і нашу бяспеку”.

Святар звярнуў увагу на існаванне негатыўных адносін да рэлігій і іх паслядоўнікаў у некаторых кантэкстах. Гэта тлумачыцца тым, што рэлігіі часам памылкова ўспрымаюцца ў якасці крыніцы нецярпімасці і пагрозы для міру і бяспекі; ігнаруецца іх уклад у грамадскую гармонію. Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што насілле, пераслед і забойствы ў імя Бога – цалкам супрацьлеглыя таму, чаму вучаць рэлігіі.
 

12 лістапада 2020, 10:34