Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская дыпламатыя: рэлігійная свабода для меншасцей

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі прыняў удзел у 3-й Міністэрскай сустрэчы па спрыянні рэлігійнай свабодзе. Форум прайшоў 16 лістапада 2020 г. у фармаце відэа-канферэнцыі.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер звярнуў увагу на “шэраг трывожных сітуацый, якія ставяць пад пытанне рэлігійную свабоду”. Ён заўважыў, што некаторыя меры, якія прымаюцца для барацьбы з пандэміяй каронавіруса, абмяжоўваюць свабоду веравызнання.

“Грамадзянскія ўлады павінны ўсведамляць сур’ёзныя наступствы, якія гэтыя меры могуць мець для рэлігійных супольнасцей, што адыгрываюць важную ролю ў пераадоленні крызісу не толькі праз сваю актыўную дзейнасць у сферы аховы здароўя, але і праз маральную падтрымку, пасланне салідарнасці і надзеі”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Гаворачы пра наступствы эпідэміялагічных абмежаванняў для рэлігійнай, адукацыйнай і дабрачыннай дзейнасці рэлігійных супольнасцей, арцыбіскуп заўважыў, што з каталіцкага пункту гледжання доступ да сакрамэнтаў адносіцца да “базавых патрэб”, а свабода культу з’яўляецца вытворнай не ад свабоды сходаў, але ад свабоды веравызнання.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на шматлікія іншыя пагрозы для рэлігійнай свабоды: ад тэрарыстычных актаў да пашырэння папулізму, які часта хаваецца ў розных формах нацыяналізму, схільнага ўспрымаць меншасці не ў якасці “іншых”, а ў якасці “ворагаў”.

Арцыбіскуп прадставіў “два паралельныя шляхі” для падтрымкі і абароны рэлігійнай свабоды. Ён звярнуў увагу на духоўнае і маральнае вымярэнне чалавечай асобы, нагадаў пра “неабходнасць міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу з мэтай прасоўвання ўзаемаразумення і пашаны”. Фундаментальнае права на свабоду рэлігіі грунтуецца на духоўным вымярэнні чалавека, якім нельга маніпуляваць.

Дыпламат падкрэсліў, што братэрства і сацыяльнае сяброўства, неабходныя для мірнага суіснавання ў плюралістычным грамадстве, можна будаваць на аснове шчырага і сапраўднага дыялогу.

Арцыбіскуп Галахер працытаваў словы папы Францішка з энцыклікі Fratelli tutti: “Будучы хрысціянамі, мы просім, каб у тых краінах, дзе мы з’яўляемся меншасцю, нам была гарантавана свабода, як і мы забяспечваем гэтую свабоду нехрысціянам у месцах, дзе яны складаюць меншасць. Нельга забываць адно з асноўных правоў чалавека на шляху да братэрства і міру: гэта рэлігійная свабода для вызнаўцаў усіх рэлігій. Гэтая свабода паказвае, што мы можам “будаваць гармонію і паразуменне паміж рознымі культурамі і рэлігіямі” (279).
 

19 лістапада 2020, 11:12