Bambino Gesù: Усмешка блізнят з Бангі – найлепшы падарунак
Як паведамілі спецыялісты медыцынскай установы, праз 7 месяцаў пасля ўнікальнай аперацыі па раздзяленні дзіцятак, якія былі злучаныя ў вобласці галавы, патыліца супраць патыліцы, і мелі агульнай вялікую частку вянознай сістэмы і чарапной каробкі, дзяўчынкі добра сябе адчуваюць і развіваюцца нароўні з іншымі дзецьмі іх узросту.
Блізняты родам з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, якім споўнілася два з паловай гады, упэўнена ходзяць і нават вымаўляюць першыя словы па-італьянску. Яны гатовыя сустракаць Божае Нараджэнне з радасцю і рашучым настроем на новыя перамогі.
Амаль два гады Эрвіна і Прэфіна разам са сваёй маці Эрвін Нзота правялі ў ватыканскай педыятрычнай клініцы Bambino Gesù. Напрыканцы снежня іх перавядуць у іншы корпус шпіталя для далейшай рэабілітацыі.
“У гэты вельмі цяжкі для ўсіх год здароўе дзяўчынак – менавіта тое, што штурхае нас працягваць нашую працу. Усмешка блізнят з Бангі – найлепшы падарунак на Божае Нараджэнне, які шпіталь толькі мог атрымаць”, - сказаў Карла Марас, загадчык нейрахірургічнага аддзялення бальніцы.
Менавіта ён узначальваў каманду медыкаў, якія суправаджалі сіямскіх блізнят на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі да ўнікальнага шматэтапнага хірургічнага ўмяшання, правядзення аперацыі, заключны этап якой адбыўся 5 чэрвеня 2020 г., і рэабілітацыйнага перыяду пасля яе.