Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кангрэгацыя Веравучэння пра этычныя аспекты вакцынацыі

Кангрэгацыя Веравучэння абнародавала “Заўвагу аб маральнай дапушчальнасці выкарыстання некаторых відаў вакцыны супраць COVID-19”.

Дакумент выйшаў 21 снежня 2020 г. Перад гэтым яго ўхваліў Святы Айцец. Заўвага тычыцца вакцыны, пры распрацоўцы і вытворчасці якой выкарыстоўваліся клеткавыя лініі, узятыя з двух, абартаваных у 1960-я гг., чалавечых плодаў.

Паводле Кангрэгацыі Веравучэння, у сітуацыі, калі не існуе альтэрнатыўнага доступу да “этычна бездакорнай” вакцыны, “прымальным з этычнага пункту гледжання” з’яўляецца выкарыстанне вакцыны супраць COVID-19, пры распрацоўцы і вытворчасці якой ужываліся клеткавыя лініі, што паходзяць з абартаванага плоду. Гэта, аднак, ніякім чынам не павінна ўспрымацца як маральнае ўхваленне выкарыстання такіх клетак.

У дакуменце адзначаецца, што тэма вакцынацыі ад каронавіруса апынулася ў цэнтры дыскусій, а на працягу апошніх месяцаў у Кангрэгацыю Веравучэння паступіла шмат просьбаў выказацца адносна ўжывання ўзгаданых вышэй відаў вакцыны.

Святы Пасад ужо выказваўся раней на гэту тэму. Яна закраналася ў 2005 і 2017 гг. у адмысловых заўвагах Папскай акадэміі жыцця, а ў 2008 г. – у інструкцыі Кангрэгацыі Веравучэння “Dignitas Personae”.

Кангрэгацыя не мае намеру “судзіць аб бяспечнасці і эфектыўнасці” сучаснай вакцыны ад каронавіруса, але заклікае “задумацца над этычным аспектам ужывання вакцыны, якая была распрацавана пры выкарыстанні клетак з тканак, атрыманых з добраахвотна абартаваных плодаў.

Спасылаючыся на інструкцыю “Dignitas Personae” падкрэсліваецца, што “існуе дыферэнцыраваная адказнасць” адносна выкарыстання такіх клетак. Напрыклад, “на прадпрыемствах, якія выкарыстоўваюць клетачныя лініі, недапушчальнага паходжання, не з’яўляецца аднолькавай адказнасць тых, хто прымае рашэнне аб напрамку вытворчасці, і тых, якія не маюць улады вырашаць”.

Адзначаецца, што ў сітуацыі, калі па розных прычынах “недаступныя этычна бездакорныя прышчэпкі супраць COVID-19… з этычнага пункту гледжання прымальна выкарыстоўваць вакцыну”, пры “распрацоўцы і вытворчасці якой ужываліся клеткавыя лініі з абартаваных пладоў”.

Фундаментальнай прычынай для таго, каб лічыць “этычна дапушчальным” ужыванне такога віду вакцыны, з’яўляецца “аддаленая” форма саўдзелу ў зле аборту, а таксама існаванне сур’ёзнай пагрозы, “такой як распаўсюджванне сур’ёзнага патагеннага фактару, які немагчыма стрымаць іншым чынам”.

У такой сітуацыі “можна выкарыстоўваць усе прышчэпкі, клінічна прызнаныя як бяспечныя і эфектыўныя, з сумленнем, упэўненым у тым, што ўжыванне такога віду вакцыны не азначае фармальнага саўдзелу ў аборце, у выніку якога былі атрыманы клеткі, з дапамогай якіх была зроблена вакцына”.

Кангрэгацыя Веравучэння падкрэслівае, што “этычна дазволенае ўжыванне гэтага віду вакцыны”, з улікам асаблівых абставін, не можа ўключаць у сабе дазвол, нават пасрэдны, на практыку аборту і прадугледжвае непрымальнасць гэтай практыкі для тых, хто ёй карыстаецца”.

У сувязі з гэтым ад фармацэўтычных кампаній, а таксама ад дзяржаўных медыцынскіх устаноў, патрабуецца “вырабляць, зацвярджаць, распаўсюджваць і прапаноўваць этычна прымальную вакцыну, якая не стварае праблем для сумлення”.

У дакуменце падкрэсліваецца, што для вакцынацыя не з’яўляецца маральным абавязкам, і таму павінна быць добраахвотнай. Але з улікам патрабаванняў агульнага дабра, пры адсутнасці іншых сродкаў для спынення пандэміі, “можна рэкамендаваць вакцынацыю, асабліва для абароны слабых і тых, які знаходзяцца ў зоне рызыкі”.

У сваю чаргу людзі, якія адмаўляюцца ад вакцынацыі па прычынах сумлення, “павінны з дапамогай іншых прафілактычных сродкаў і належнага захавання клапаціцца пра тое, каб не стаць разносчыкамі інфекцыі”.

Кангрэгацыя Веравучэння кажа пра этычны імператыў для фармацэўтычнай сферы, дзяржаўных уладаў і міжнародных арганізацый, які заключаецца ў спрыянні даступнасці эфектыўных і бяспечных з медыцынскага пункту гледжання відаў вакцыны, а таксама прымальных з этычнага пункту гледжання, у тым ліку ў бедных краінах”. Адсутнасць такога доступу будзе станавіцца “дадатковым фактарам дыскрымінацыі і несправядлівасці”.
 

21 снежня 2020, 15:51