Малітва і салідарнасць: 2020 год для Святога Айца

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ ў сваёй аўтарскай калонцы на Vatican News нагадаў пра галоўныя падзеі з удзелам Папы на працягу года, які набліжаецца да завяршэння.

Андрэа Тарніелі заўважыў, што нядзеля 8 сакавіка стала раздзяляльнай рысай у 2020 г. Менавіта ў гэты дзень Папа ўпершыню правёў малітву “Анёл Панскі” у форме відэатрансляцыі з прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы. Пасля яе Святы Айцец падышоў да расчыненага вакна і благаславіў пустую плошчу св. Пятра. На працягу наступных месяцаў яе напаўнялі толькі малітва Пантыфіка і надзея свету.

На гэтай жа плошчы, у дажджлівую пятніцу 27 сакавіка, прайшоў Момант надзвычайнай малітвы ў час пандэміі, у ходзе якой Францішак заклікаў чалавецтва не баяцца і давяраць Пану.

Малітва і надзвычайная эпідэміялагічная сітуацыя сталі галоўнымі тэмамі катэхез Святога Айца падчас агульных аўдыенцый па серадах. Да 31 снежня іх колькасць на працягу года складзе 46, а сустрэч з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” і “Уладарка Неба” – 58. Падчас іх Папа неаднойчы нагадваў пра важнасць паўсюднага доступу да вакцыны, а 19 сакавіка зрабіў важны заклік да “глабальнага і неадкладнага спынення агню”, каб “устанавіць мір і бяспеку, неабходныя для аказання неабходнай гуманітарнай дапамогі”.

З 9 сакавіка па 18 мая, у сувязі з прыпыненнем публічных літургічных цэлебрацый на тэрыторыі Італіі, Пантыфік распарадзіўся трансліраваць у прамым эфіры ранішнюю св. Імшу, якую цэлебраваў у капліцы сваёй рэзідэнцыі. Апошняя з гэтых трансляцый вялася з ватыканскай базылікі св. Пятра, дзе Папа ўзначаліў Эўхарыстыю з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ.

4 кастрычніка 2020 г. Пантыфік выдаў сваю трэцюю энцыкліку “Fratelli tutti”, прысвечаную братэрству і сацыяльнаму сяброўству, а 12 лютага пабачыла свет Апостальская адгартацыя “Querida Amazonia”, якая стала плёнам Спецыяльнай асамблеі Сінода Біскупаў па Амазоніі, што праходзіў у кастрычніку 2019 г. у Ватыкане.

У сувязі з пяцігоддзем энцыклікі “Laudato si’” 18 чэрвеня Апостальская Сталіца абнародавала міждыкастэрыяльны дакумент “На шляху да клопату аб супольным доме”, прысвечаны інтэгральнай экалогіі і абароне навакольнага асяроддзя. 24 мая быў абвешчаны спецыяльны Год “Laudato si’”, а 12 снежня Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў відэаканферэнцыі ААН па праблемах клімату, у якім пацвердзіў намер Ватыкана зменшыць да нуля колькасць выкідаў у атмасферу да 2050 г.

8 снежня быў абнародаваны Апостальскі ліст Францішка “Patris corde”, прымеркаваны да 150-годдзя абвяшчэння св. Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. У сувязі з гэтым пачаўся спецыяльны Год св. Юзафа, які завершыцца 8 снежня 2021 г.

26 студзеня ўпершыню адзначалася Нядзеля Божага Слова; у Вялікую пятніцу, 10 красавіка, Святы Айцец правёў набажэнства Крыжовага шляху на плошчы св. Пятра; а 8 снежня здзейсніў маўклівы візіт на Іспанскую плошчу ў Рыме з нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, 22 лістапада, у базыліцы св. Пятра Францішак узначаліў літургію, падчас якой прайшла цырымонія перадачы сімвалаў Сусветных дзён моладзі. Юнакі і дзяўчаты з Панамы перадалі драўляны крыж і марыйны абраз сваім аднагодкам з Партугаліі, дзе пройдзе наступны форум. Пры нагодзе Пантыфік абвясціў аб пераносе святкавання Сусветнага дня моладзі на дыяцэзіяльным узроўні з Пальмовай нядзелі на Нядзелю Хрыста Валадара.

У плане рэформ важнай падзеяй стала выданне спецыяльных дакументаў, згодна з якімі была нададзена большая незалежнасць ватыканскім суддзям, былі ўведзены новыя нормы адносна празрыстасці, кантролю і канкурэнцыі пры заключэнні кантрактаў і падрадаў у Ватыкане, быў прыняты новы статут Бюро фінансавай інфармацыі, якое было перайменавана ва Упраўленне па нагляду і фінансавай інфармацыі.

10 лістапада Святы Пасад апублікаваў справаздачу па справе былога кардынала і арцыбіскупа Вашынгтонскага, выдаленага з духоўнага стану, якую Дзяржаўны сакратарыят рыхтаваў ад імя Пантыфіка на працягу двух гадоў.

28 лістапада Францішак правёў сёмы кансісторый падчас свайго пантыфікату, на якім у Касцёле з’явіліся 13 новых кардыналаў, сярод якіх упершыню іерархі з Брунэю і Руанды.

На працягу 2020 г. Папа не здзяйсняў Апостальскія падарожжы, але наведаў некалькі гарадоў на тэрыторыі Італіі. 23 лютага ён быў у Бары, дзе прыняў удзел у сустрэчы, прысвечанай праблеме міру ў Міжземнамор’і, а 3 кастрычніка наведаў Асізі, дзе ля магілы св. Францішка падпісаў сваю новую энцыкліку “Fratelli tutti”. 7 снежня было афіцыйна абвешчана аб Апостальскім падарожжы Папы ў Ірак, якое пройдзе з 5 па 8 сакавіка 2021 г.
 

28 снежня 2020, 11:40