Пантыфік зацвердзіў змены ў кіраванні фінансамі Святога Пасаду
Апостальскі ліст у форме motu proprio пад назвай “Аб некаторых кампетэнцыях у эканамічных і фінансавых пытаннях” быў абнародаваны 28 снежня 2020 г. Ён увойдзе ў сілу 1 студзеня 2021 г. Гаворка ідзе пра кіраванне фінансавымі фондамі і нерухомай маёмасцю, што знаходзіліся ва ўласнасці Дзяржсакратарыяту, уключаючы фонд “Грош св. Пятра”.
У дакуменце падкрэсліваецца, што кантроль за ажыццяўленнем узгаданых функцый Адміністрацыяй маёмасці Апостальскай Сталіцы будзе ажыццяўляць Сакратарыят па эканамічных пытаннях, які таксама будзе выконваць функцыю Папскага сакратарыяту па эканамічных і фінансавых пытаннях.
Рашэнне аб выданні новага закону было прынята да 1 студзеня з мэтай выканання бюджэту на 2021 г. Камісія, створаная Святым Айцом для ажыццяўлення перадачы эканамічных і фінансавых функцый, якая дзейнічала на працягу мінулых тыдняў, працягне – як і было запланавана – акрэсліваць некаторыя тэхнічныя дэталі да 4 лютага.
Такім чынам Папа жадае перайсці да лепшай арганізацыі Рымскай курыі і больш спецыялізаванага функцыянавання Дзяржаўнага сакратарыяту, які з большай свабодай зможа дапамагаць яму і яго наступнікам у пытаннях, якія маюць вялікае значэнне для Касцёлу. Падкрэсліваецца, што функцыі так званага “адміністрацыйнага ўпраўлення” Дзяржсакратарыяту больш не будуць звязаны з кіраваннем фондамі і інвестыцыямі і прыняццем рашэнняў у гэтых сферах.
Motu proprio забяспечыць больш празрысты кантроль за ахвяраваннямі вернікаў на карысць Святога Пасаду, а таксама большую эфектыўнасць у кіраванні эканомікай Апостальскай Сталіцы.