Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскі прапаведнік: з Хрыстом вечнасць увайшла ў жыццё чалавека

Зніканне ідэі вечнасці дзейнічае на вернікаў, памяншаючы ў іх здольнасць мужна адказваць на пакуты і жыццёвыя выпрабаванні, - заўважыў кардынал Раньера Канталамеса.

11 снежня 2020 г. прапаведнік Папскага дома звярнуўся да Святога Айца і іерархаў Рымскай курыі з другім адвэнтавым казаннем, якое прысвяціў вечнасці. Сустрэча прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Капуцын нагадаў, што ўсё прамінае: багацце, здароўе, прыгажосць і фізічныя сілы, але пандэмія можа стаць нагодай для таго, каб адкрыць для сябе, што нягледзячы ні на што, ёсць кропка апоры, трывалая глеба, скала, на якой можна пабудаваць сваё жыццё – гэта вечнасць.

Для хрысціян вечнае жыццё – гэта Асоба, а вера ў яго грунтуецца на дакладным факце ўваскрасення Хрыста. Секулярызацыя, аднак, звузіла ўсю рэальнасць выключна да вымярэння зямнога жыцця. Знікненне гарызонту вечнасці, у сваю чаргу, зрабіла чалавечыя пакуты яшчэ больш абсурднымі, - падкрэсліў прапаведнік.

Паводле кардынала, вечнасць – гэта самае глыбокае жаданне чалавечага сэрца. Таму неабходна вярнуць увагу да гэтага вымярэння не толькі ў сферы евангелізацыі, але таксама, каб даць новы імпульс імкненню да святасці. Першым плёнам веры ў вечнае жыццё стане вызваленне чалавека, яго перамога над прывязанасцю да зямных дабротаў, якія прамінаюць, - дадаў капуцын.

Кардынал прывёў у якасці прыкладу сітуацыю неразумнага чалавека, які перад пераездам у новую кватэру інвестуе ўсе свае сродкі ў рамонт старой. Таксама і мы будзем паступаць неразумна, калі будзем думаць толькі пра тое, як зрабіць лепшым наша зямное жыццё, забываючы пра добрыя справы, якія неабходны для нашага жыцця ў нашым доме на небе.

“Зніканне ідэі вечнасці дзейнічае на вернікаў, памяншаючы ў іх здольнасць мужна адказваць на пакуты і жыццёвыя выпрабаванні. Нам трэба нанова адкрыць для сябе веру св. Бэрнарда і св. Ігнацыя Лаёлы. У кожнай сітуацыі і перад абліччам кожнай перашкоды яны казалі сабе: Quod hoc ad aeternitatem?Што гэта перад абліччам вечнасці?”, - сказаў капуцын.

Прапаведнік Папскага дома нагадаў, што вечнасць ужо прысутнічае ў нашым жыцці і мы можам дакрануцца да яе, прымаючы св. Камунію і слухаючы Божае слова.
 

11 снежня 2020, 12:04