Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сустрэча Рады кардыналаў прайшла ў анлайне

Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам прайшла 1 снежня 2020 г. у анлайне. На ёй падвялі папярэднія вынікі працы над новай Апостальскай канстытуцыяй па Рымскай курыі.

У працы кансультацыйнага органа, сфарміраванага Францішкам у пачатку пантыфікату, прынялі ўдзел кардыналы Оскар Марадзьяга, Рэйнхард Маркс, Шон О’Мэлі, Освальд Грасіяс, Фрыдалін Амбонга, П’етра Паралін і Джузэпэ Бэртэла, а таксама Сакратар – біскуп Марка Мэліна. Папа далучыўся да сустрэчы з Дома св. Марты.

Пасля кароткай прывітальнай прамовы Святога Айца, быў прадстаўлены новы член Рады, кардынал Фрыдалін Амбонга, арцыбіскуп Кіншасы. Затым адбыўся абмен думкамі адносна жыцця Касцёла на розных кантынентах ва ўмовах крызісу, звязанага з пандэміяй.

Сакратар Рады падсумаваў папярэднія крокі ў рэдагаванні тэксту новай Апостальскай канстытуцыі, адзначыўшы, што каментарыі, дапаўненні і прапановы, якія паступаюць з розных ведамстваў, далей вывучаюцца. Наступнае пасяджэнне запланавана на люты.
 

02 снежня 2020, 13:29