Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Святы Пасад: дыялог і міжнароднае права ў вырашэнні канфліктаў

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі прыняў удзел у 27-м пасяджэнні Міністэрскай нарады краін-удзельніц АБСЕ, якая 3 снежня 2020 г. прайшла ў фармаце відэа-канферэнцыі.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выказаў заклапочанасць у сувязі з пагрозамі для рэлігійнай свабоды, сярод якіх тэрарыстычныя напады і іншыя праявы нянавісці і нецярпімасці ў адносінах да людзей, месцаў культу, могілак і рэлігійных асяродкаў на тэрыторыі, якая ўваходзіць у абшар АБСЕ і па-за яе межамі.

Асаблівае хваляванне, на думку іерарха, выклікаюць акты насілля ў месцах культу, у выніку якіх гінуць нявінныя дзеці і дарослыя, што збіраюцца на малітву. Яшчэ больш абуральным з’яўляецца той факт, што многія злачынствы здзяйсняюцца ў імя рэлігіі.

“Крыніца насілля не ў рэлігіі, а ў яе памылковай інтэрпрэтацыі і ператварэнні ў ідэалогію. Насілле, пераслед і забойствы ў імя Бога належаць не да рэлігіі, а да радыкалізму, з якім трэба змагацца ўсімі законнымі сродкамі”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў АБСЕ прыняць меры па абароне хрысціян, юдэяў, мусульман і прадстаўнікоў іншых рэлігій ад нецярпімасці, дыскрымінацыі і насілля.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў пра “выклікі, якія аказваюць ціск на супольную бяспеку”, сярод якіх “замарожаныя канфлікты”, што трываюць дзесяцігоддзямі і патрабуюць вырашэння. Апостальская Сталіца заклікае “працаваць на карысць міру і справядлівасці” і падтрымлівае “дыялог і павагу да міжнароднага права як інструменты вырашэння канфліктаў”.

Гаворачы пра наступствы пандэміі, іерарх звярнуў увагу, што барацьба з ёй прывяла да абмежавання некаторых фундаментальных правоў, сярод якіх свабода вызнавання веры рэлігійнымі супольнасцямі, у тым ліку ў адукацыйнай і дабрачыннай сферах.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што рэлігійныя супольнасці адыгрываюць важную ролю ў барацьбе з крызісам здароўя дзякуючы сваёй медыцынскай, сацыяльнай, духоўнай і маральнай дзейнасці, заклікаючы да салідарнасці і надзеі.
 

04 снежня 2020, 11:07