Святы Пасад пра інтэлектуальную ўласнасць у кантэксце пандэміі
Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у дэбатах аб патэнтах у сферы аховы здароўя, арганізаваных Пастаянным камітэтам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Дыскусія адбывалася ў кантэксце выклікаў, якія пандэмія ставіць перад навукоўцамі і вытворцамі вакцыны ад каронавіруса.
Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі высока ацаніў гатоўнасць Арганізацыі спрыяць дзяленню навуковай інфармацыяй у гэтай сферы, у тым ліку праз спецыяльную платформу Patentscope.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што навукоўцы могуць прычыняцца да агульнага дабра не толькі робячы адкрыцці, але таксама дзелячыся тэхнічнай інфармацыяй аб сваіх вынаходках. У актуальным кантэксце медыцынскім інавацыям павінна спадарожнічаць пашырэнне доступу да лекаў.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў палепшыць глабальную патэнтную сістэму, “маючы на мэце, у першую чаргу, большую празрыстасць і эфектыўнасць”. Сістэма павінна абараняць правы як уласнікаў патэнтаў, так і карыстальнікаў запатэнтаваных медыцынскіх сродкаў. Неабходная “раўнавага паміж правамі і абавязкамі”.
“Агульная трагедыя, якую перажывае ў гэтым годзе чалавечая сям’я, павінна абудзіць разуменне нашай узаемазвязанасці як глабальнай супольнасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч. Ён нагадаў словы Святога Айца пра чалавецтва, якое “знаходзіцца ў адной лодцы, дзе праблемы аднаго чалавека з’яўляюцца праблемамі ўсіх”.