Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра інтэлектуальную ўласнасць у кантэксце пандэміі

Права на інтэлектуальную ўласнасць заўсёды павінна быць падпарадкавана патрэбам агульнага дабра, - нагадаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у дэбатах аб патэнтах у сферы аховы здароўя, арганізаваных Пастаянным камітэтам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Дыскусія адбывалася ў кантэксце выклікаў, якія пандэмія ставіць перад навукоўцамі і вытворцамі вакцыны ад каронавіруса.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі высока ацаніў гатоўнасць Арганізацыі спрыяць дзяленню навуковай інфармацыяй у гэтай сферы, у тым ліку праз спецыяльную платформу Patentscope.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што навукоўцы могуць прычыняцца да агульнага дабра не толькі робячы адкрыцці, але таксама дзелячыся тэхнічнай інфармацыяй аб сваіх вынаходках. У актуальным кантэксце медыцынскім інавацыям павінна спадарожнічаць пашырэнне доступу да лекаў.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў палепшыць глабальную патэнтную сістэму, “маючы на мэце, у першую чаргу, большую празрыстасць і эфектыўнасць”. Сістэма павінна абараняць правы як уласнікаў патэнтаў, так і карыстальнікаў запатэнтаваных медыцынскіх сродкаў. Неабходная “раўнавага паміж правамі і абавязкамі”.

“Агульная трагедыя, якую перажывае ў гэтым годзе чалавечая сям’я, павінна абудзіць разуменне нашай узаемазвязанасці як глабальнай супольнасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч. Ён нагадаў словы Святога Айца пра чалавецтва, якое “знаходзіцца ў адной лодцы, дзе праблемы аднаго чалавека з’яўляюцца праблемамі ўсіх”.
 

10 снежня 2020, 10:27