Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: фінансавы нагляд умацоўвае кіраўніцтва і мяняе назву

Папа зацвердзіў новы статут Бюро фінансавай інфармацыі (AIF), якое з 5 снежня 2020 г. называецца Упраўленнем па нагляду і фінансавай інфармацыі (ASIF - Autorità di Supervisione e Informazione Finanziaria).

Рашэнне было прынята ў рамках агульнай рэформы, ініцыяванай Францішкам у дачыненні да органаў упраўлення Апостальскай Сталіцы і Ватыкана, накіраванай на большую празрыстасць і ўзмацненне кантролю ў фінансава-эканамічнай сферы.

Асноўная мэта новаўвядзення – прывесці статут у адпаведнасць з задачамі, фактычна ўскладзенымі на Упраўленне, у якія ўваходзяць перш за ўсё фінансавая разведка, барацьба з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, а таксама нагляд над дзейнасцю Інстытута рэлігійных спраў - Ватыканскага банка (IOR).

Акрамя таго, новы статут уводзіць некаторыя істотныя змены арганізацыйнага характару. Сярод асноўных новаўвядзенняў – іншае размеркаванне роляў паміж кіраўніцтвам Упраўлення: будзе ўзмоцнены стратэгічны аспект дзейнасці старшыні, што павінна паўплываць на эфектыўнасць і аператыўнасць працы кіраўнікоў аддзелаў. У структуру Упраўлення па нагляду і фінансавай інфармацыі ўвойдзе новае падраздзяленне, якое зоймецца нарматыўна-прававымі пытаннямі.
 

06 снежня 2020, 10:16